Мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.05.2013 21:53

12 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 94 вернікам, якія ва ўрачыстай працэсіі разам з ім і прысутнымі святарамі ўвайшлі ў святыню.

У гаміліі Мітрапаліт нагадаў, што ўрачыстасць канфірмацыі ў вілейскай святыні адбываецца ў вельмі важны час як для Паўсюднага Касцёла, так і для Касцёла ў Беларусі, а таксама для гэтай парафіі. Яна адбываецца ў Год веры, галоўная мэта якога — паказаць сучаснаму бездухоўнаму свету яе прыгажосць, адрадзіць і ўмацаваць веру. Яна адбываецца таксама ў год юбілею 400-годдзя Будслаўскага санктуарыя, які праходзіць пад дэвізам: «Марыя — Маці нашай веры», і ў 100-годзе вілейскага касцёла.

«Цяпер мы перажываем літургічны час паміж Унебаўшэсцем Хрыста і Спасланнем Духа Святога, калі молімся да Яго, каб сышоў і аднавіў аблічча зямлі, — працягваў арцыпастыр. — Езус казаў сваім вучням, што для іх лепей, калі Ён адыйдзе ад іх і вернецца ў дом свайго нябеснага Айца, каб спаслаць Святога Духа і падрыхтаваць нам месца ў небе. Спасылаючы Духа, Езус хацеў быць прысутным па ўсёй зямлі, а не толькі ў Палесціне. Моцаю Святога Духа Ён прысутнічае ва ўсіх кутках зямлі, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты, дзе абвяшчаецца Яго Евангелле».

«Дух Святы ўжо дзве тысячы гадоў вядзе Касцёл па ўзбураных хвалях акіяну кожнага часу, бо любы час мае свае выклікі і на іх неабходна адказваць. Так было, так ёсць і так будзе, — дадаў Мітрапаліт. — Выклікі нашага часу вельмі небяспечныя, і іх першаснае наступства — крызіс веры. У апошнія часы мы часта ўзгадваем пра эканамічны і фінансавы крызісы. Але ці шукаем іх прычыну? А яна знаходзіцца ў маральнай плоскасці, бо чалавек забыўся пра этычнае вымярэнне эканомікі і толькі думае пра тое, як больш зарабіць меншым коштам і нават крыўдзячы іншых».

Па словах іерарха, «мы бачым таксама крызіс сям’і, у той час калі ад сям’і залежыць наша будучыня». У сучасным свеце «абясцэньваецца Божы дар жыцця і ім нават маніпулюецца». Усё больш і больш «чалавек трапляе ў залежнасць ад алкаголю, наркотыкаў і так званых аднарукіх бандытаў – гуляльных аўтаматаў, якія ўстаноўлены ў растучых як грыбы пасля дажджу казіно». «Амаральнае выкарыстанне дасягненняў навукі, у тым ліку генетыкі, пагражае годнасці чалавечай асобы, — дадаў Мітрапаліт. — Давяраючы толькі развіццю навукі і тэхналогіі без захавання маральных норм, чалавек становіцца іх палонным аж да такой ступені, што яны пагражаюць яго існаванню. А чаго вартае неўтаймаванае імкненне да багацця і адначасова сапраўдная хвароба шопінгу?»

«Бачна, што крызіс веры вядзе да вельмі небяспечных наступстваў і з’яўляецца нават пагрозай для існавання чалавека, — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Нездарма некаторыя найбольш вядомыя сучасныя вучоныя заахвочваюць да пошуку месца прабывання на іншых планетах, бо ў будучыні зямля не будзе прыгоднай для гэтага».

«Мы молімся да Духа Святога, каб аднавіў аблічча зямлі. Але гэта магчыма толькі тады, калі мы самі адновімся, калі дазволім Духу нас перамяніць, калі ў нас будзе панаваць сапраўдны Божы Дух, — заўважыў іерарх. —Недастаткова мець добрую біблятэку, каб шмат ведаць. Неабходна гэтыя кнігі чытаць і з іх вучыцца. Недастаткова мець добрыя інструменты, каб вырабляць якасныя вырабы, — трэба яшчэ мець духа сапраўднага майстра».

Таксама, дадаў Мітрапаліт, «і ў нашым жыцці недастаткова быць толькі ахрышчанымі, час ад часу ўдзельнічаць у святой Імшы, прымаць Камунію і нават сакрамэнт канфірмацыі — неабходна дазволіць Езусу, які дзейнічае праз Святога Духа, увайсці ў нашы сэрцы, каб у іх дзейнічаць і перамяняць».

Менавіта таму іерарх заклікаў вернікаў адкрыцца на дзеянне Духа, які «перамяніў апосталаў, з баязлівых учыніў іх мужнымі прапаведнікамі Евангелля і вызнаўцамі Хрыста». «Таксама Езус учыніць і з намі. Гэта сапраўднае абнаўленне нашага жыцця і аблічча зямлі», — падкрэсліў арцыпастыр.

Мітрапаліт павіншаваў тых, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, і пажадаў ім быць сапраўднымі, а не штучнымі хрысціянамі, здольнымі адказваць на выклікі часу, мужна бараніць веру і быць яе сведкамі, каб «не зацыклівацца толькі на матэрыяльнай сучаснасці, але мець візію будучыні, якая ў Хрысце і Яго Евангеллі».

Іерарх таксама заахвоціў вернікаў духоўна рыхтавацца да ўрачыстага святкавання 100-годдзя іх касцёла, якое адбудзецца ў верасні гэтага года. «Падзея, якая чакае нас, не можа стаць толькі статыстычнай, але павінна паказаць дынамізм нашай веры, якая з дня на дзень павінна ўзрастаць, каб Бог, які, па словах папы Францішка, з’яўляецца рэальнасцю, а не спрэем, перамяняў нашыя сэрцы, каб мы былі здольнымі будаваць цывілізацыю жыцця і любові», — заклікаў Мітрапаліт.

Пасля Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч уручыў тым, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, крыжы, як знакі веры, і пасведчанні аб прыняцці сакрамэнту.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by