Актуальнасць паслання Марыі ў Фаціме: Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў урачыстасці ў шчучынскай парафіі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.05.2013 19:46

13 мая Каталіцкі Касцёл успамінае Маці Божую Фацімскую. У шчучынскай парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у гэты дзень адбыліся парафіяльныя ўрачыстасці, якія ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас святочнай Імшы сакрамэнт канфірмацыі прынялі 59 чалавек.

У гаміліі Мітрапаліт узгадаў былыя часы ганенняў на веру, калі ён як студэнт на канікулах ездзіў з Гродна ў Жалудок да ксяндза Пятра Барташэвіча, і аўтобус праязджаў каля замкнёнага касцёла ў Шчучыне. «Цяжка было глядзець і разумець тую сітуацыю, калі шматлікія вернікі Шчучына павінны былі ездзіць у іншыя месцы, хаця ў горадзе быў касцёл, — сказаў іерарх. — Але прыйшлі іншыя часы, наступіла „адліга“, і вернікі пачалі змагацца за вяртанне ім касцёла. Часамі здавалася, што ніякіх шансаў няма, бо ў кляштары піяраў, які знаходзіўся каля касцёла, быў камандны пункт вайсковай авіябазы. Вернікі вельмі моцна рызыкавалі, але патрабавалі свайго і ў драматычнай барацьбе перамаглі. Спачатку касцёл, а потым і кляштар былі перададзены яго гаспадарам».

Мітрапаліт дадаў, што гісторыя са змаганнямі за касцёл прыйшлася на першыя месяцы яго біскупскага служэння, і выказаў падзяку як вернікам, так і святару Казіміру Войцяку, які быў прызначаны першым пасля вельмі доўгага перыяду закрыцця касцёла пробашчам.

Арцыпастыр таксама прыгадаў асвячэнне касцёла, калі, нягледзячы на мароз і завею, сабралася так многа людзей, што касцёл не мог іх змясціць.

«Падзеі таго часу звязваліся з ажыццяўленнем паслання Марыі аб навяртанні нашага краю, як Марыя абяцала ў 1917 годзе ў Фаціме, — працягваў іерарх. — Калі на Усходзе ўзнікла пагроза атэістычнага рэжыму, нашым адвакатам стала Марыя. Там, у далёкай Фаціме, яна заклікала да малітвы і навяртання, кажучы, што калі будзеце маліцца і навернецеся, беды вас абмінуць. Як Маці Бога, яна, аднак, ведала, што людзі яе не паслухаюць. Падчас чарговых аб’яўленняў, якіх усяго было шэсць, Марыя паказала фацімскім дзецям жахі пекла, прадказала пераслед Касцёла і Другую сусветную вайну, але ў той жа час дала надзею на навяртанне. Яна сказала: урэшце маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Марыя выкарыстала слова „Расія”, але тое ж адносіцца і да Беларусі, бо ў той час Беларусь была часткай Расійскай імперыі. Гэтыя словы Марыі сталі надзеяй на працягу доўгіх трох пакаленняў, аж да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі сапраўды як дар з неба прыйшла свабода веравызнання».

Мітрапаліт нагадаў, што ўдзячныя вернікі Шчучына тады вырашылі мець у сваім касцёле фігуру Маці Божай Фацімскай, каб арганізаваць спецыяльныя набажэнствы да яе.

Арцыпастыр распавёў вернікам, як пробашч прывёз фігуру Маці Божай Фацімскай на Сусветны дзень моладзі ў Чэнстахове ў 1991 г., каб Святы Айцец Ян Павел II яе асвяціў і ўсклаў на яе карону. Гэты святар звярнуўся да Мітрапаліта Кандрусевіча з просьбай дапамагчы. Сталася так, што нечакана 14 жніўня падчас перапынку на вігілійным чуванні Дня моладзі Папа запрасіў Мітрапаліта на сустрэчу ў Яснагурскі кляштар. Тады іерарх адважыўся папрасіць Пантыфіка асвяціць фігуру. Дамовіліся, што ён гэта ўчыніць, калі будзе вяртацца да алтара, каб працягнуць чуванне. Фігура была хутка прынесена, падышоў і першы нядаўна прызначаны ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі разам з пробашчам. Папа, праходзячы, затрымаўся і асвяціў фігуру.

«Гэта ўжо гісторыя, якая ўпісалася ў жыццё шчучынскай парафіі і дала імпульс развіццю культу Маці Божай Фацімскай, — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Ці актуальна фацімскае пасланне сёння, калі свет ведае ўсе тры фацімскія таямніцы? Так, актуальна».

«Дастаткова толькі ўспомніць пастулат Марыі: калі будзеце маліцца і навернецеся, усё будзе добра. Калі не, вас чакаюць вялікія цяжкасці. Два словы гэтага паслання — калі так і калі не — з’яўляюцца ключавымі і нагадваць аб яго актуальнасці на ўсе часы, — падкрэсліў іерарх. — Гэтыя словы — не што іншае, як рэха словаў Езуса: навяртайцеся і верце ў Евангелле. На іх мы павінны звярнуць асаблівую ўвагу ў гэтым Годзе веры, мэта якога — выйсце з духоўнай пустыні і вяртанне да каранёў нашай веры».

«Жыццё чалавека — пастаяннае змаганне за сваё як матэрыяльнае, так і  духоўнае існаванне. У духоўным змаганні дапамогай нам з’яўляецца сам Хрыстус, які прыходзіць да нас у сакрамэнтах і ўмацоўвае нашы духоўныя сілы, — дадаў Мітрапаліт. — Сёння ў шчучынскім касцёле цэлебруецца сакрамэнт канфірмацыі як сакрамэнт сталага хрысціянства. Яго мэтай з’яўляецца ўмацаваць веру, каб яе бараніць і сведчыць у паўсюдным жыцці. Гэты сакрамэнт удзяляецца падчас Навэнны да Духа Святога, калі мы Яго просім, каб сышоў і аднавіў аблічча зямлі. А для гэтага неабходна найперш аднавіць чалавека, каб вярнуць яму першасную прыгажосць Божага твору. У гэтай перамене актуальнымі з’яўляюца словы Маці Божай Фацімскай: калі будзеце маліцца і навернецеся, усё будзе добра; калі ж не, прыйдуць беды».

«Мы атрымалі свабоду веравызнання, але ці карыстаемся ёю належным чынам? — паставіў пытанне іерарх. — Як часта мы забываемся пра Бога? Як часта адварочваемся ад Яго? Як часта кажам, што Божы закон супярэчыць сучасным тэндэнцыям імкнення да абсалютнай свабоды? Такіх як часта вельмі многа ў нашым жыцці. Гэта не што іншае, як тое, што мы наступаем на тыя ж самыя граблі, а яны б’юць моцна ў лоб».

«Дух Святы ў сакрамэнце канфірмацыі прыходзіць, каб перамяніць нас. Але для гэтага неабходна адкрыцца на Яго дзеянне і з Ім супрацоўнічаць, — нагадаў арцыбіскуп. — Нішто не адбываецца аўтаматычна. Святы Аўгустын кажа: стварыў Ты мяне, Божа, без мяне, але збавіць мяне без мяне самога Ты не можаш. Мы з’яўляемся кавалямі свайго лёсу, і таму нам нельга ўпусціць прадстаўлены гісторыяй шанс».

Арцыпастыр заклікаў вернікаў услухоўвацца ў словы Марыі: калі будзеце маліцца і навернецеся, усё будзе добра; калі ж не, прыйдуць беды. «Ніхто іншы не вінаваты ў нашых духоўных бедах, як толькі мы самі. Калі не слухаем Бога, няма чаго наракаць, — дадаў іерарх. — Няхай словы Марыі «калі так» і «калі не» ацвярозяць нас ад нездаровага захаплення самімі сабой, даверам толькі сабе, равіццю навукі і тэхналогіі, і дапамогуць адкрыцца на Бога, жыць вераю і яе сведчыць, бо без веры няма збаўлення».

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by