Пешая пілігрымка «Мінск — Будслаў» вырушыла на юбілейныя ўрачыстасці | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.07.2013 11:48

ХХІІІ пешая пілігрымка «Мінск — Будслаў» вырушыла 1 ліпеня з мінскага архікатэдральнага касцёла. Пачаткам пілігрымкі стала святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх прывітаў удзельнікаў пілігрымкі і гасцей, якія сабраліся ў святыні, а таксама пілігрымаў з Расіі, падзякаваўшы апошнім за памяць, якую захавалі да свайго былога пастыра. Арцыбіскуп заклікаў прысутных маліцца аб духоўных плёнах пілігрымкі, а таксама папрасіў, каб адной з яе інтэнцый была інтэнцыя малітвы аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

«З аднаго боку, будслаўскія пілігрымкі сапраўды падобныя адна да адной, але з іншага ў іх шмат новага, — заўважыў у гаміліі Мітрапаліт, кажучы пра сёлетнюю ўжо 23-ю пілігрымку з Мінска ў Будслаў. — Упершыню ў сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі мы адзначаем юбілей будслаўскага санктуарыя – 400-годдзе прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай. Упершыню будслаўскія ўрачыстасці ўзначаліць папскі легат Яго Эмінэнцыя кардынал Жан-Луі Таран, што само па сабе нагадвае пра важнасць падзеі і таксама пра павагу як для Касцёла ў нашай краіне, так і да нашай бацькаўшчыны».

«Сёлетнія юбілейныя будслаўскія ўрачыстасці праводзяцца ў Год веры. Іх тэма — “Марыя – Маці нашай веры”, што нагадвае пра нашае імкненне праз Марыю прыйсці да Езуса, каб аднавіць і ўмацаваць нашу веру», — дадаў арцыпастыр.

Арцыбіскуп нагадаў, што пілігрымкі былі вядомымі яшчэ ў старыжытным Егіпце, Грэцыі і Рыме, у культурах Блізкага Усходу. Хрысціяне перанялі гэтую традыцыю і надалі ёй свой сэнс. Мэтай пілігрымкі, звярнуў увагу іерарх, з’яўляецца «злучэнне чалавека з Богам, або, як вельмі добра гэта акрэслівае Праваслаўная Царква, “стяжание Святого Духа”». «Моцаю Духа Святога, на якога асаблівым чынам людзі адкрываюцца падчас пілігрымкі, мы прыпадабняемся Богу і імкнёмся стаць дасканалымі, як дасканалы ёсць наш нябесны Айцец», — патлумачыў Мітрапаліт.

«Раней людзі месяцамі і нават гадамі ішлі пешшу. У наш час захаваліся пешыя пілігрымкі, хаця ўсё часцей практыкуюцца пілігрымкі самалётам, цягніком, аўтобусам, аўтамабілем. Але сутнасць пілігрымкі не змяняецца, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Падчас яе павінна адбыцца духоўная трансфармацыя чалавека на шляху да Бога».

Арцыпастыр нагадаў, што наперадзе пілігрымкі пойдзе крыж як знак веры. «Сусветны дзень моладзі ў 1993 г. адбываўся ў ЗША ў г. Дэнвэр. Памятаю, як падчас Крыжовага шляху на стадыёне нечакана распачалася бура. Здавалася, што вельмі моцны вецер паваліць крыж. Імгненна некалькі юнакоў з трыбунаў кінуліся на поле стадыёну і моцна трымалі крыж, каб вецер яго не паваліў. Гэта было вельмі сімвалічна», — дадаў Мітрапаліт.

«Марыя разам з апосталам Янам стаяла пад крыжам падчас самай вялікай буры, сапраўднага тарнада, калі на ім паміраў Збаўца свету. Марыя і цяпер стаць пад крыжам. Мы павінны стаць сучаснымі апосталамі Янамі і быць разам з Ёю, каб у гэты гістарычны і адказны час нашага асабістага жыцця і жыцця нашага грамадства захаваць веру і ёю жыць», — заахвоціў іерарх удзельнікаў пілігрымкі.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уручыў удзельнікам пілігрымкі крыж — знак веры і надзеі, які будуць несці наперадзе пілігрымкі, а кс. Кірылу Бардонаву, як яе кіраўніку, — сімвалічныя мапу, барометр і свісток.

У шлях пілігрымы вырушылі пасля атрымання спецыяльнага благаслаўлення, якое ўдзяліў Мітрапаліт.

Анастасія Грышан


 

 
© 2003-2024 Catholic.by