У Івянцы 22 ліпеня распачалася «Музычная майстэрня», якая сабрала больш за 200 маладых людзей з усёй Беларусі, што любяць музыку. Для многіх з іх спеў — гэта адначасова і малітва, бо, як кажуць, хто спявае — той моліцца ўдвая.
Многія з удзельнікаў майстэрні пераадолелі сотні кіламетраў, каб спаткацца з музыкай і спевам у Івянцы, дзе ў хуткім часе адбудзецца Агульнабеларуская сустрэча моладзі. Прыбыло і шмат сясцёр законных з розных супольнасцяў, якія таксама актыўна ўключыліся ў працу майстэрні.
Моладзь, сабраная на мерапрыемстве, адзначае, што спеў для іх — спосаб, каб упрыгожыць уласнае жыццё і жыццё іншых. Некаторыя з удзельнікаў кажуць, што спеў — як кісларод, без якога няма жыцця.
Па словах кансэкраваных асобаў, прысутных на майстэрні, гэтая сустрэча — нагода не толькі пазнаёміцца з якімсьці новым творам або навучыцца спяваць, але і пабыць разам, у супольнасці, дзелячыся адзін з адным тым, што маюць — сваім часам, здольнасцямі, талентам, які з’яўляецца Божым дарам, праз гэта выказваючы ўдзячнасць Пану.
Заняткі па музыцы праходзяць у Івянцы ўжо больш за 10 гадоў, і людзі, якія іх праводзяць, нават не могуць уявіць, што гэты перыяд свайго летняга адпачынку выкарыстаюць нейкім іншым чынам. Зося, якая кіруе мерапрыемствам, пераканана, што такія сустрэчы прыносяць вялікія плёны, а таксама дапамагаюць наблізіцца да Бога, паглыбіць сваю асабістую малітву і ўзмацніць сувязь з Хрыстом.
«Варта было ехаць! Варта тут быць!» — сцвярджае Ян Паспяшальскі з Варшавы, які ўжо некалькі гадоў прыязджае ў Івянец, пераадольваючы больш за 500 кіламетраў. Ян Паспяшальскі — польскі музыкант, кампазітар, публіцыст, аўтар радыё- і тэлепраграм, і кожны раз ён адзначае, што не можа не падзівіцца той атмасферы, якая пануе ў Івянцы. Гэтае месца з кожным годам прыцягвае ўсё большую колькасць людзей, для якіх музыка — неад’емная частка жыцця.
Кожны год у Івянцы гасцінна прымае маладых людзей айцец Лех Баханэк OFMConv. Святара цешыць тое, што шмат моладзі знаходзіць на час сустрэчы прытулак у мясцовым кляштары, і разам з парафіянамі ён рады прымаць маладых вернікаў.
Прыгадваюцца словы з адной рэлігійнай песні: «У цішыні шукаю словаў, каб падзякаваць за Тваю любоў, у цішыні ёсць мой Бог, там заўсёды шукаю Яго…» У Івянцы гэта сапраўды так: акрамя заняткаў і трэнінгаў многія з моладзі знаходзяць час на малітву і размову з Богам.
Сустрэчы з Богам спрыяе новая капліца пры касцёле ў Івянцы, дзе 24 гадзіны ў суткі ўжо на працягу некалькіх месяцаў адаруецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Тут удзельнікі майстэрні пасля гучных спеваў могуць знайсці хвіліны цішыні, супакою і медытацыі.
Напэўна, у гэтым месцы здзяйсняецца не адзін цуд у жыцці маладых вернікаў. І, магчыма, тут, перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, дзе Пан хоча благаславіць усіх і агарнуць сваёй любоўю, з сэрцаў гучыць самая прыгожая і радасная песня хвалы: «Дзякую Табе, Божа, за ўсё, за тое, што я тут, за тое, што жыву…»
Кс. Юрый Марціновіч
|