Паведамленне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да духавенства, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў сувязі з перэгрынацыяй рэліквій св. Яна Боска | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.08.2013 10:52

Шаноўныя cвятары, кансэкраваныя асобы,
умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

У межах падрыхтоўкі да юбілею 200-годдзя з дня нараджэння святога Яна Боска – апекуна і настаўніка моладзі – ва ўсім свеце адбываецца перэгрынацыя яго рэліквій па парафіях, дзе працуюць салезіяне.

25 жніўня 2013 года рэліквіі святога прыбудуць у Беларусь і распачнуць перэгрынацыю ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэта вельмі важная падзея для ўсяго Касцёла ў Беларусі, асабліва для моладзі, выхаванню якой прысвяціў усё сваё жыццё кс. Ян Боска. Сваім дэвізам: “Дай мне душы а іншае вазьмі сабе” ён імкнуўся выхоўваць маладых людзей у XIX cтагоддзі, падчас тэхнічнай рэвалюцыі і адначасова праяўлення сацыяльнай несправядлівасці з усімі яе негатыўнымі наступствамі, добрымі хрысціянамі і сумленнымі грамадзянамі. Яго дэвіз вельмі акутуальны і ў наш час, калі моладзь асабліва паддаецца ўплыву секулярызму і матэрыяльнага атэізму.

Перэгрынацыя рэліквій – гэта падзея, якая дапамагае лепш асэнсаваць духоўнасць і вучэнне святога. Ад усяго сэрца запрашаю святароў, дыяканаў, кансэкраваных асобащ і ўсіх вернікаў, асабліва моладзь Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прыняць актыўны ўдзел у набажэнствах з нагоды перэгрынацыі рэліквій св. Яна Боска.
 
Праграма перэгрынацыі наступная:


Нядзеля, 25 жніўня

11.00 – вітанне рэліквій у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і ўрачыстая св. Імша;
13.00 – урачыстая св. Імша;
14.30 – прыватнае ўшанаванне рэліквій;
16.30 – развітанне і ад’езд рэліквій у салезіянскую парафію Св. Яна Хрысціцеля (Мінск, м-н Серабранка);
17.30 – прывітанне рэліквій і ўрачыстая св. Імша;
20.00 – моладзевая праграма і начное малітоўнае чуванне каля рэліквій.

Панядзелак, 26 жніўня


08.00 – св. Імша;
09.00 – прыватнае ўшанаванне рэліквій;
16.00 – св. Імша на развітанне з рэліквіямі і іх ад’езд у парафію Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах;
18.00 – прывітанне рэліквій і ўрачыстая св. Імша;
20.00 – прыватнае ўшанаванне рэліквій;
21.00 – начное малітоўнае чуванне каля рэліквій.

Аўторак, 27 жніўня

08.00 – св. Імша на развітанне з рэліквіямі і іх ад’езд у парафію св. Міхала Арханёла ў в. Багданава;
11.30 – прывітанне рэліквій і ўрачыстая св. Імша, прыватнае ўшанаванне рэліквій;
14.00 – развітанне і ад’езд рэліквій у парафію Свв. Апосталаў Пятра і Паўла ў в. Баруны (Гродзенская дыяцэзія).

Выказваю надзею, што перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боска ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прынясе багаты духоўны плён, а ён, як вялікі святы выхавацель, выпрасіць нам у Бога шматлікія ласкі на далейшыя гады нашага жыцця і служэння Касцёлу і Бацькаўшчыне.

Салезіянаў, як арганізатараў гэтай перэгрынацыі, і ўсіх, хто прыме ў ёй удзел, давяраю апецы св. Яна Боска і ад усяго сэрца благаслаўляю.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 10 жніўня 2013 г.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае паведамленне вернікам у нядзелю 18 жніўня 2013 г.


 
© 2003-2026 Catholic.by