Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: «Наша сіла — у еднасці» (+фота) | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.09.2013 16:15
У Вілейцы ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа 19 верасня прайшла пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
У сваёй гаміліі арцыпастыр адзначыў, што пастырскі год распачынаецца ў Год веры, завяршэнне якога прыпадае на 24 лістапада. 
 
«Усе нашы высілкі павінны быць cкіраваны да адраджэння і ўмацавання нашай веры і яе сведчання», — зазначыў іерарх.
 
«Мы, духоўныя асобы і вернікі, павінны быць светачамі веры ў сучасным свеце, як заклікае Папа Францішак. Каб лямпа гарэла, у ёй павінен быць алей. Таму, каб быць светачамі веры, неабходна мець у сабе алей Божай ласкі», — рэзюмаваў Мітрапаліт.
 
Цалкам тэкст гаміліі тут >>
 
Пасля літургіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра выдадзеную ў перакладзе на беларускую мову энцыкліку Папы Францішка «Lumen fidei». Асобна быў прадстаўлены падручнік па катэхезе для 5 класа «Гісторыя збаўлення» с. Нунэ Цітаян MSF.
 
Таксама Мітрапаліт зачытаў перад прысутнымі святарамі і кансэкраванымі асобамі некаторыя аб’явы. У прыватнасці, іерарх падкрэсліў пазіцыю Касцёла адносна выдання некаторымі парафіямі кніг і малітоўнікаў для ўнутранага карыстання, а таксама ў чарговы раз заклікаў святароў да малітвы ў сувязі са справай кс. Уладзіслава Лазара.
 
«У апошні час з’явіліся выданні кніг, малітоўнікаў, часопісаў і т.п. для ўнутранага карыстання ў парафіі. Такая практыка не згодна з кананічным правам. У Касцёле для набажэнстваў можна карыстацца толькі кнігамі, якія маюць Imprimatur біскупа, — зазначыў Мітрапаліт. — Калі Imprimatur быў дадзены раней, то кожнае новае выданне павінна мець новы Imprimatur, тым больш, што ёсць факты, калі пад відам старога Imprimatur выдаюцца кнігі са змененым тэкстам». 
 
Іерарх звярнуў увагу, што «ў апошні час праз інтэрнэт распаўсюджваліся зацверджаныя Сінодам афіцыйныя бланкі парафіяльнай канцылярыі – да хросту, шлюбу, пратаколы, ліцэнзіі і г.д. і паралельна да іх новыя змененыя». Акрамя гэтага, «у апошнія дні з’явілася прапанова “максімальна набліжаных да крыніцы “Статуты Сіноду” бланкаў». «Усё гэта самадзейнасць, на якую біскупы не давалі і не даюць згоды, і таму катэгарычна забараняецца іх выкарыстоўваць. Калі змены і патрэбныя, трэба звярнуцца ў Курыю, і яны будуць разгледжаны», — сказаў арцыбіскуп.
 
Таксама арцыпастыр узгадаў аб сітуацыі з арыштам кс. Уладзіслава Лазара, заахвочваючы святароў і кансэкраваных асобаў маліцца ў гэтай інтэнцыі, а таксама «не распачынаць ніякіх дзеянняў без узгаднення з біскупам»:
 
«Гэтая справа вызвала шырокі рэзананс у Беларусі і свеце і, на жаль, не спрыяла еднасці. Следства працягваецца, і сёння цяжка рабіць здагадкі, чым завершыцца справа. Трэба маліцца ў гэтай інтэнцыі».
 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч папрасіў святароў аб далучэнні гэтай справы да малітваў вернікаў, а таксама паводле акалічнасцяў, пасля Імшы, асабліва ў нядзелю, маліцца ў касцёлах аб шчаслівым вырашэнні гэтай праблемы.
 
Іерарх падзякаваў прысутным за адданую працу, заклікаў да еднасці і папрасіў быць уважлівымі, каб «не быць уцягнутымі ў супрацьпраўныя дзеянні».
 
«Няхай словы псальма „як добра жыць братам у еднасці” дапамогуць нам будаваць еднасць паміж намі, бо ў гэтым наша сіла», — пажадаў Мітрапаліт. 
 
(TK), (JLS)

 
© 2003-2024 Catholic.by