Адбылася сустрэча прадстаўнікоў інстытутаў кансэкраванага жыцця ў Беларусі з Апостальскім Нунцыем | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.10.2013 14:58

22 кастрычніка ў пастаральным цэнтры ККББ адбылася сустрэча прадстаўнікоў інстытутаў кансэкраванага жыцця ў Беларусі з Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці. Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп.

У гаміліі Апостальскі Нунцый адзначыў, што вельмі рады нагодзе першы раз сустрэцца з групай беларускіх законнікаў і законніц, каб «разам убачыць, якія існуюць для вас магчымасці, каб жыць згодна з уласным пакліканнем і ўнесці штосьці ў жыццё Касцёла ў вашай краіне».

Сэнс жыцця законнікаў, звярнуў увагу прадстаўнік Папы, ясна выражаны ў словах чытання Евангелля паводле Яна, прызначанага на літургію гэтага дня, дзе Езус пытаецца ў апостала Пятра: «Ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» «Мы не можам забыцца, што сэрца кожнага законнага паклікання — гэта любоў», — падкрэсліў Апостальскі Нунцый. Арцыбіскуп дадаў, што ў Евангеллі не гучыць пытанне, ці ты больш святы або больш убогі, чым іншыя, але «ці любіш ты Мяне больш, чым яны?». «Калі гэтага няма, то ўсё іншае — вецер», — адзначыў іерарх.

Прадстаўнік Святога Айца, звяртаючыся да законнікаў і законніц, заўважыў, што «часта мы ў жыцці перадаём чыйсьці голас, які не з’яўляецца нашым уласным». Калі б, як адзначыў арцыбіскуп, «мы маглі прапаведаваць тое, чым жывём», то «ўжо дасягнулі б стану дасканаласці», але «часам словы, якія выходзяць з нашых вуснаў, падобныя да нейкіх загатовак, але не вынікаюць з нашага сэрца», так што «часта было б лепш маўчаць і сведчыць сваім жыццём».

Арцыбіскуп нагадаў, што «супольнае жыццё — тое, дзе законнікі і законніцы павінны шукаць святасці». «Абавязак, які мы сёння хочам узяць на сябе перад гэтым алтаром, — сведчыць жыццём перад тым, як гаварыць штосьці, і такім чынам дапамагчы іншым супольнасцям быць гэтым бачным знакам любові Бога да беларускага народа», — сказаў іерарх.

Законнае жыццё — гэта, як нагадаў Апостальскі Нунцый, вялікая адказнасць, і «мы ведаем, што адны з гэтым не справімся». Не важна, па словах прадстаўніка Папы, што «часта мы з’яўляемся слабымі, не можам сведчыць, але важна, што просім у Бога сілы для гэтага». Тое, што патрэбна сёння, дадаў арцыбіскуп, звяртаючыся да кансэкраваных асобаў, — пакора, «пакора распазнаць уласную слабасць»: не «прагульвацца па вуліцах як паўліны, якія паказваюць сябе, лічачы, што яны прыгожыя і дасканалыя», а «быць знакам, як грэшнік з Евангелля, які, стоячы ў канцы святыні, казаў Богу, што не годны стаяць перад Ім».

Гэтаму, па словах Апостальскага Нунцыя, вучыць і благаслаўлёны Ян Павел ІІ, літургічны ўспамін якога Касцёл адзначае ў гэты дзень.

«Ян Павел ІІ, збяры плёны гэтай сённяшняй сустрэчы, занясі іх да Бога і дапамажы нам быць вернымі, — з такімі словамі арцыбіскуп звярнуўся ў малітве да благаслаўлёнага Папы, — каб, калі гэтая сустрэча скончыцца і мы разыдземся, яна не стала толькі яшчэ адной непатрэбнай акцыяй, якіх мы і так шмат праводзім, але стала пачаткам сапраўднай дарогі; каб тыя, хто ўбачыць законніка ці законніцу, убачылі, што Бог ідзе разам з народам Беларусі».

Пасля Імшы адбыўся працяг сустрэчы Апостальскага Нунцыя з прадстаўнікамі інстытутаў кансэкраванага жыцця. Кожны з законнікаў і законніц распавёў пра супольнасць, якую прадстаўляе, і яе прысутнасць у Беларусі.

Адбылася таксама размова арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці з кансэкраванымі асобамі, а затым іерарх звярнуўся да іх са сваім словам.

Апостальскі Нунцый сказаў удзельнікам сустрэчы вялікі дзякуй. Арцыбіскуп падкрэсліў, што кансэкраванае жыццё на беларускай зямлі — гэта вялікая Божая ласка. Другі Ватыканскі Сабор, як адзначыў іерарх, дапамагае адкрыць, што кансэкраванае жыццё — «не аздоба жыцця Касцёла, а яго істотная частка», і «неабходна, каб кансэкраванае жыццё мела свае правы і абавязкі згодна са сваім значэннем».

Законнікі і законніцы ў Беларусі, заўважыў прадстаўнік Папы, мелі гісторыю пакутніцкага жыцця. «З аднаго боку гэта трагедыя, а з іншага — благаслаўленне, што вы сёння будуеце на ахвяры жыцця вашых папярэднікаў, — дадаў Апостальскі Нунцый. — Некаторыя з вашых субратоў яшчэ памятаюць час пераследу, жыццё, якое было для кансэкраваных асобаў няспынна небяспечным станам».

Іерарх адзначыў, што першая задача для кожнага Касцёла, які пачынае адраджацца, — гэта аднаўленне парафіяльных структур, і менавіта ў справе аднаўлення парафій служыла большая частка законнікаў і законніц. Але з таго часу, падкрэсліў арцыбіскуп, мінула ўжо дваццаць гадоў, і «абавязак Касцёла — звярнуць увагу, што нельга жыць увесь час у рытме, які быў падчас небяспекі», але «трэба падрыхтавацца да таго, што часы змяняюцца».

Наступны факт, на які звярнуў увагу прадстаўнік Святога Айца, — тое, што многія з тых, хто мае пакліканне да кансэкраванага жыцця, нарадзіліся ў Беларусі, і важна, каб «у праграму фармацыі былі ўключаны элементы, спецыфічныя для культуры Беларусі», каб «не стваралася ўражанне, што кансэкраваныя асобы з’яўляюцца нейкім імпартным прадуктам, бо, можа, больш нідзе для іх не знайшлося месца». Аб гэтым, дадаў арцыбіскуп, шмат гаворыцца ў дакументах Касцёла.

Яшчэ адзін важны элемент для законных супольнасцяў, па словах Апостальскага Нунцыя, — «паволі рухацца ў кірунку пэўнай аўтакефаліі, незалежнасці, каб у Беларусі прысутнічалі незалежныя, беларускія структуры кансэкраванага жыцця».

Сённяшняя сустрэча, падкрэсліў Апостальскі Нунцый, мае вельмі спецыфічную мэту — па-першае, пазнаёміцца, а адначасова «пачаць ствараць у Беларусі пэўную структуру законнікаў і законніц, якая дапаможа ім самім у іх жыцці».

Мэта, па словах арцыбіскупа, — «даць кансэкраваным асобам голас, які ім належыць»; гэта «не ласкавы дазвол, не жэст добрых манер — гэта абавязак Касцёла».

Апостальскі Нунцый прапанаваў прысутным пытанні: якую менавіта форму, на іх думку, магла б мець такая структура, якая падтрымае законнае жыццё ў Беларусі; як дапамагчы законнікам і законніцам нанава адкрыць свой уласны харызмат і ўнесці яго ў лакальны Касцёл; як дапамагчы ім па-новаму адкрыць вымярэнне кансэкраванага жыцця.

Арцыбіскуп нагадаў таксама пра важнасць супольнага жыцця і малітвы, якія дапамагаюць   законнікам перажыць цяжкія моманты.

Апостальскі Нунцый адзначыў, што гэта была першая такая сустрэча, і правесці яе было яго ініцыятывай. «Адказнасць Папы — назіраць, дапамагаць і падтрымліваць жыццё, прадстаўнікамі якога вы з’яўляецеся», — сказаў іерарх кансэкраваным асобам.

Арцыбіскуп заклікаў законнікаў і законніц «шукаць канкрэтныя спосабы эфектыўнай рэалізацыі» іх прысутнасці ў дадзенай рэчаіснасці і ў дадзенай краіне, дадаўшы, што ў гэтым ім можа дапамагчы нунцыятура ў Беларусі, якая заўсёды адкрыта для іх.

Прадстаўнік Святога Айца павіншаваў прысутных з сённяшняй сустрэчай — «крокам, які, быць можа, стане пачаткам новай дарогі» для іх.

Анастасія Грышан

 
© 2003-2025 Catholic.by