Бэтлеемскі агонь прыбыў у Мінск | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.12.2013 19:31

21 снежня ў Мінск прыбыў Бэтлеемскі агонь, які даставілі беларускія скаўты. У 18 гадзін агонь урачыста ўнеслі ў мінскі архікатэдральны касцёл, у 19 гадзін — у касцёл святых Сымона і Алены. У абедзвюх святынях агонь сустрэлі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, духавенства і вернікі.

Мітрапаліт падзякаваў скаўтам за актыўны ўдзел у жыцці Касцёла, асабліва падчас розных знакавых урачыстасцяў, і за тое, што ў чарговы раз яны прывозяць Бэтлеемскі агонь у нашу краіну. Гэтым самым, па словах іерарха, яны дапамагаюць вернікам лепш падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння, бо «набліжаюць нам далёкі Батлеем – месца нараджэння Збаўцы».

«Больш за 2 тысячы гадоў таму ў далёкай Палесціне прыйшоў на свет Збаўца. Там узышло ніколі не заходзячае сонца – Езус Хрыстус, — сказаў арцыбіскуп. — Тады загарэўся агонь веры ў Яго і свет надзеі».

Арцыпастыр адзначыў, што Бэтлеемскі агонь з’яўляецца сімвалам таго, што «вера, нягледзячы на розныя крызісы, жыве». У нашых святынях Бэтлеемскі агонь «становіцца яшчэ адной магчымасцю умацаваць нашу веру, каб мы маглі адказваць на выклікі часу і каб яна асвятляла наш жыццёвы шлях, як да гэтага заклікае Папа Францішак».

Мітрапаліт заклікаў вернікаў браць Бэтлеемскі агонь дадому, каб у яго прысутнасці перажываць апошнія дні падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і саму ўрачыстасць і гэтым самым «глыбей перажыць збаўчую таямніцу Богаўцелаўлення».

Перад гэтым, 20 снежня, агонь сустрэлі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, куды скаўты даставілі агонь з беларуска-польскай мяжы.

Бэтлеемскі агонь будзе перададзены таксама ў іншыя парафіі.

Традыцыя распасюўджвання Бэтлеемскага агню пачалася ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля агонь перадаецца ў суседнія краіны. У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь прыбыў у Беларусь у чатырнаццаты раз.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by