У Барысаве асвяцілі пляц i распачалі будаўнiцтва касцёла Спаслання Святога Духа |
| Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
26.03.2014 10:37 |
25 сакавiка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у Барысаве распачалі будаўнiцтва касцёла Спаслання Святога Духа. Радасць гэтай падзеi падзялiў з вернiкамi дапаможны бiскуп Мiнска-Магiлёўскай архідыяцэзii Юрый Касабуцкi.
У прысутнасцi пробашча парафii ксяндза Аляксея Раманчука, айца марыянiна Юзафа Пятушкi i шматлiкiх вернiкаў бiскуп урачыста асвяцiў пляц пад пабудову новай святынi. Падзея гэтага дня стала радаснай i жаданай рэальнасцю дзякуючы намаганням менавіта айца Юзафа Пятушкi, якi ўжо больш за 20 гадоў служыць у Барысаве ў парафii Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Гэтая каталiцкая святыня будзе другой па ліку ў Барысаве. Раней вернікі збіраліся на малітву пад драўляным навесам, потым у памяшканнi заснавалі каплiцу, дзе i зараз адбываюцца штодзённыя набажэнствы.
Парафіяне выказваюць вялiкую ўдзячнасць усiм, хто меў дачыненне да гэтай справы праз малітву цi з дапамогай матэрыяльных сродкаў.
Галiна Прытчына
|