Прэс-канферэнцыя, прысвечаная Вялікадню, адбылася ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.04.2014 14:04

15 красавіка ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная Вялікадню. Прэс-канферэнцыя на гэты раз адбылася ў новым складзе: разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у ёй удзельнічаў новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Па традыцыі перад вялікімі хрысціянскімі святамі – Божым Нараджэннем і Вялікаднем – Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустракаецца з журналістамі.

Падчас прэс-канферэнцыі арцыбіскуп распавёў пра надыходзячыя велікодныя святы, а таксама згадаў пра найбольш важныя падзеі ў Касцёле ў Беларусі ў бягучым часе. У прыватнасці, іерарх нагадаў пра прызначэнне Папам Францішкам у канцы мінулага года трох новых беларускіх біскупаў. Таксама Мітрапаліт паведаміў, што з сённяшняга дня біскуп Юрый Касабуцкі прызначаны біскупскім дэлегатам у Магілёўскай вобласці, адначасова з’яўляючыся Генеральным вікарыем.

Па словах Мітрапаліта, важна, што на Магілёўшчыне таксама будзе біскуп – гэта дасць магчымасць звяртаць больш увагі на Магілёўскую вобласць. Іерарх выказаў надзею, што з прызначэннем біскупа Юрыя Касабуцкага пастырская дзейнасць там ажывіцца.

Арцыпастыр нагадаў пра Пасхальны Трыдуум, які пройдзе на бягучым тыдні ў чацвер, пятніцу і суботу і які займае важнае месца ў літургіі Касцёла, паведаміў пра асноўныя набажэнствы ў гэтыя дні. Іерарх звярнуў увагу, што сёлета тэлетрансляцыя Імшы ў вігілію Вялікадня адбудзецца ў катэдральнага касцёла ў Віцебску, яе пачатак у 21.45. Імша ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў вігілію Уваскрасення Пана пачнецца ў 21.00.

Кажучы пра падзеі, якія чакаюць Касцёл у бягучым годзе, Мітрапаліт згадаў пра кананізацыю двух Папаў – Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, што адбудзецца ў Апостальскай Сталіцы 27 красавіка. Іерарх адзначыў, між іншым, што з 7 сённяшніх беларускіх біскупаў чатырох прызначыў Ян Павел ІІ. Арцыпастыр сказаў пра жаданне Яна Паўла ІІ пабываць у Беларусі і выказаў надзею, што “сёння, напэўна, гэты Папа сваім духам з намі”.

У дзень кананізацыі, 27 красавіка, па словах Мітрапаліта, у касцёле святой Ганны на Ватыкане адбудзецца Імша падзякі за кананізацыю Яна Паўла ІІ, у якой прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі і Расіі. Арцыпастыр паведаміў і аб тым, што 18 мая, у 94-ю гадавіну нараджэння Яна Паўла ІІ, у мінскім архікатэдральным касцёле ў 18.30 таксама пройдзе Імша падзякі за яго кананізацыю, якую ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Мітрапаліт праінфармаваў прысутных, што сёлетняя працэсія Божага Цела адбудзецца ў Мінску 1 чэрвеня.

2-6 чэрвеня, нагадаў арцыбіскуп, у Мінску пройдзе IV Праваслаўна-каталіцкі форум. Па словах арцыпастыра, гэта будзе нефармальная пляцоўка, дзе сустрэнуцца іерархі Каталіцкага Касцёла краін Еўропы і Праваслаўных Цэркваў Еўропы; форум будзе прысвечаны маральным выклікам сённяшняга часу, рэлігійнаму і культурнаму плюралізму ў Еўропе. Правядзенне такога форума ў Мінску Мітрапаліт назваў вялікім гонарам для Касцёла ў Беларусі і “нагодай, каб супольна сведчыць пра выклікі часу”.

Іерарх згадаў пра асвячэнне ў Назарэце мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай, запланаванае на 28 чэрвеня, і агульнабеларускую пілігрымку з усіх дыяцэзій Беларусі на Святую Зямлю з гэтай нагоды. Чакаецца, што ў пілігрымку адправяцца ў агульнай колькасці 1000 чалавек, праграма вылету і знаходжання на Святой Зямлі распрацавана так, каб 28 чэрвеня ўсе сустрэліся разам у Назарэце.
Пасля гэтага, адзначыў Мітрапаліт, 4-5 ліпеня пройдуць штогадовыя ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, сёлета іх тэма – “Марыя – узор нашай малітвы”. Таксама яны будуць прысвечаны падзяцы за кананізацыю Яна Паўла ІІ. У межах трохгадовага цыклу падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, якое будзе адзначацца ў 2017 г., паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі 2014 год прысвечаны малітве, 2015 – пакаянню, 2016 – надзеі.

25-27 ліпеня, як паведаміў арцыбіскуп, у Івянцы адбудзецца чарговая малітоўная сустрэча моладзі.

Іерарх нагадаў таксама яшчэ адну нядаўнюю падзею, важную для Касцёла ў Беларусі, - VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які праходзіў 24-28 лютага ў Лідзе і на якім каманда Беларусі заняла 4-е месца.

Прадстаўнікі СМІ мелі магчымасць задаць пытанні Мітрапаліту і дапаможнаму біскупу. Між іншым, у біскупа Юрыя Касабуцкага пыталіся пра яго планы ў сувязі з прызначэннем біскупскім вікарыем у Магілёўскай вобласці. Па словах іерарха, там “сапраўды патрэбна актывізацыя душпастырскай дзейнасці”, важна, “каб святары адчулі сябе адзіным цэлым, неслі людзям Божае слова”. Таксама дапаможны біскуп выказаў надзею “будаваць братэрскія адносіны” з прадстаўнікамі ўсіх веравызнанняў на Магілёўшчыне.

У Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча цікавіліся, ад чаго адчувае асаблівую радасць яго сэрца як пастыра, што найбольш яго натхняе і задавальняе з падзей мінулага года, а таксама сённяшняга часу. Іерарх адзначыў, у прыватнасці, што такіх падзей было нямала, асабліва ж падкрэсліў умацаванне Касцёла ў Беларусі дзякуючы прызначэнню трох новых біскупаў і такім чынам выражэнне ўвагі Святога Пасаду да Беларусі.

“Мы ўсё робім для людзей, - дадаў арцыпастыр. – Дзякуй Богу, сёння нашы касцёлы не пустыя”. Арцыбіскуп падкрэсліў, што ў святыні сёння прыходзяць не толькі старэйшыя вернікі, але таксама шмат дзяцей, моладзі, – у сувязі з гэтым іерарх згадаў пра сёлетнюю Пальмовую нядзелю, пра малітоўнае чуванне моладзі ў вігілію Пальмовай нядзелі ў мінскай архікатэдры. Па словах Мітрапаліта, “інтэнсіўнасць рэлігійнага жыцця ў Касцёле ў Беларусі ўзрастае”.

На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў усіх прысутных з надыходзячымі велікоднымі святамі, пажадаўшы, каб пасхальная таямніца стала “часткай іх жыцця”.

Анастасія Грышан

 
© 2003-2022 Catholic.by