Абнаўленне манаскіх шлюбаў Артура Ляшнеўскага прайшло ў Дзятлаве | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
27.08.2014 12:20 |
![]() Для таго, каб вернікі маглі добра падрыхтавацца да гэтай значнай падзеі, за гадзіну да ўрачыстасці была арганізавана адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта з разважаннямі аб таямніцы паклікання. Падчас малітвы прагучала шмат песняў да Святога Духа. Урачыстая святая Імша сабрала не толькі дзятлаўскіх вернікаў, але і моладзь з мінскага і смаргонскага араторыяў, а таксама шматлікіх святароў. Падчас гаміліі, якую прамовіў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, узгадваліся словы з нядзельнага Евангелля, а менавіта пытанне Езуса: «А кім вы лічыце Мяне?». Кс. Віктар пажадаў, каб гэтае пытанне не давала спакою і кожны ў сэрцы нястомна адказваў сабе на яго. Наступным момантам стаў абрад абнаўлення манаскіх абяцанняў, якія кл. Артур склаў на рукі кс. Віктара. Клерык Артур паабяцаў перад Богам і людзьмі жыць у чысціні, беднасці і паслухмянасці. Пасля прачытанага акта шлюбаў кс. Віктар па-братэрску абняў клерыка ў знак прыняцця яго ў супольнасць салезіянаў кс. Боско. Напрыканцы святой Імшы прагучалі словы віншаванняў ад моладзі і парафіянаў, а таксама ад сяброў кл. Артура. Пасля кс. Віктар Гайдукевіч удзяліў сабраным благаслаўленне праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў, якое так часта ўдзяляў пры жыцці св. Ян Боско. Урачыстае святкаванне працягнулася ў дзятлаўскім араторыі імя блл. мучанікаў з Познані. Святары, сёстры і моладзь змаглі добра правесці час і крыху падсілкавацца. Яна Жадзейка, паводле sdb.by |