Католікі і праваслаўныя правядуць сумесны Крыжовы шлях у Юравіцкі манастыр | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.09.2014 14:15

12 верасня пройдзе штогадовы Крыжовы шлях з Мазыра ў Юравічы з копіяй абраза Маці Божай Юравіцкай. Крыжовы шлях адбываецца з 2006 года, калі ў склепе разбуранага манастыра выпадкова была знойдзена копія цудатворнага абраза.

Як перадае сайт гомельскай каталіцкай парафіі, да гэтага лічылася, што копій старажытнай святыні, якая ў XIX стагоддзі была таемна вывезена ў Кракаў, не існуе.

Юравіцкі манастыр, помнік архітэктуры позняга барока, першапачаткова належаў ордэну езуітаў. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гадоў касцёл быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства на падставе загаду генерал-губернатара Мураўёва. Комплекс стаў праваслаўным жаночым манастыром, але з прыходам савецкай улады яго зачынілі, а будынак аддалі пад дзіцячы дом. У 1993 годзе дзяржава перадала паўразбураны Юравіцкі храмавы комплекс Тураўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Рэстаўрацыя будынка доўжыцца да гэтага часу.

З 2006 года кожную восень абраз прывозяць у Мазыр, а затым урачыста нясуць назад у манастыр. У Юравічах Хросны ход мясцовыя жыхары сустракаюць, стоячы ля сваіх двароў. Вяскоўцы кідаюць пад ногі святарам кветкі. Каля манастыра ўсе жадаючыя могуць ушанаваць копію цудатворнага абраза Маці Божай Юравіцкай.

(JLS)

 
© 2003-2025 Catholic.by