Пілігрымы з Вілейкі маліліся да Маці Божай Бялыніцкай у Горках | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
22.09.2014 12:23 |
Пілігрымку ўзначаліў пробашч вілейскай парафіі кс. Аляксандр Барыла, якому дапамагаў семінарыст Павел Трон. Падчас свайго шляху пілігрымы спыняліся, каб бліжэй пазнаёміцца з Касцёлам ва ўсходняй частцы Беларусі. Пілігрымка стала добрай магчымасцю для парафіян Вілейкі, каб наведаць місійныя тэрыторыі Магілёўшчыны, убачыць стан Касцёла на гэтых землях і падтрымаць яго сваёй малітвай і ахвярай. Пробашч парафіі ў Горках кс. Андрэй Кеўліч добра вядомы вілейскай парафіі, бо калісьці служыў у ёй вікарыем. На парафіяльную ўрачыстасць у Горкі прыехала 55 вілейчан. У ліку пілігрымаў была і Ядвіга Пастэрнак, якая ў свой час атрымала ліст ад Папы Францішка.
![]()
Парафія Маці Божай Бялыніцкай зусім невялікая, аднак гасцей на ўрачыстасць прыехала так шмат, што мясцовая капліца не змясціла ўсіх жадаючых. Адпустовая святая Імша цэлебравалася на палявым алтары, змайстраваным рукамі пробашча і пры дапамозе іншых святароў. Эўхарыстыя пачалася ўрачыстым унясеннем абраза Маці Божай Бялыніцкай, а скончылася адмысловай малітвай праз заступніцва Нябеснай Маці. Адна з пілігрымаў Галіна Кажарновіч дзеліцца сваімі перажываннямі: «Шчаслівая, што прыняла ўдзел і радавалася разам з парафіяй Маці Божай Бялыніцкай! Пані Божа, адрадзі веру гэтага краю, Матачка Божая, падтрымай святароў!» Кацярына Дурко |