З нагоды ўспаміну св. Мікалая прайшло свята ў салезіянскіх араторыях у Мінску, Дзятлаве і Смаргоні | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.12.2014 12:03

6 снежня ў Каталіцкім Касцёле адзначаўся ўспамін св. Мікалая, біскупа. Святы Мікалай вельмі папулярны і вядомы, у многіх каталіцкіх краінах існуе звычай у гэты дзень рабіць дзецям падарункі. У суботу і нядзелю з нагоды ўспаміну адбылося свята ў салезіянскіх араторыях у Мінску, Дзятлаве і Смаргоні.

Свята св. Мікалая ў Дзятлаве (Гродзенская дыяцэзія) прайшло 6 снежня. У Дзятлаве святога ўшаноўваюць асаблівым чынам: яго абраз знаходзіцца ў адным з бочных алтароў касцёла. Пасля Імшы парафіяне – дзеці і бацькі, якіх было вельмі шмат - накіраваліся ў араторый. Напачатку да прысутных звяруліся анёлы, якія нагадалі дзецям, хто такі святы Мікалай і ў чым сапраўдны сэнс святкавання Божага Нараджэння. Пасля з’явіліся выдуманыя персанажы: Кузя-дамавёнак, які сімвалізаваў ляноту і абыякавасць, і Баба Яга, якая ўвасабляла закаранеласць у грахах. Спакушаючы дзяцей, “цёмныя” персанажы жадалі заманіць іх на свой бок, аднак у іх нічога не атрымалася і тады яны вырашылі скрасці падарункі ў святога Мікалая. Дзеці праз выпрабаванні адабралі падарункі, якія і атрымалі ад святога.



Свята скончылася салодкім сталом і супольнымі забаўляльнымі гульнямі. Пробашч парафіі кс. Здзіслаў Пікула SDB напрыканцы звярнуўся да сабраных са слоўкам на добрую ноч.

6 снежня па традыцыі святы Мікалай прыйшоў у госці да дзяцей і моладзі араторыя імя св. Яна Боско ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія). Пасля вячэрняй Імшы маладыя вернікі сабраліся ў араторыі, дзе іх прывіталі Дзед Мароз і святы Мікалай. На працягу праграмы вечару ў разнастайных гульнях і конкурсах каманды герояў вырашалі, хто з іх сапраўдны, а хто выдуманы. Нягледзячы на перамогу каманды Дзеда Мароза, моладзі праз прагляд відэароліка аб стварэнні выдуманага персанажа савецкага часу было паказана, што святы Мікалай – прыклад святасці і бескарыснай дапамогі патрабуючым.



На наступны дзень у смаргонскім араторыі адбылося свята для дзяцей. Пасля дзіцячай Імшы маленькіх парафіянаў сустрэлі анёлы, якія паведамілі дзецям, што ў іх ёсць ліст святому Мікалаю ад усіх іх. Разам з паштальёнам Печкіным дзеці адправіліся ў падарожжа да святога, каб выслаць ліст і пазбіраць пошту ў іншых герояў. Каб атрымаць падарункі і сустрэцца са святым, дзецям патрэбна было прайсці праз шэраг выпрабаванняў. Снегавік, Пчолкі, Кікімара балотная, Мядзведзь і Разбойнікі стваралі невялікія перашкоды і прапаноўвалі забавы і гульні паштальёну Печкіну і маленькім вандроўнікам. Напрыканцы святы Мікалай пажадаў дзецям быць добрымі і паслухмянымі і раздаў доўгачаканыя цукеркі.

6 снежня святы завітаў у араторый імя св. Яна Боско ў Мінску да моладзі. Першымі прыехалі эльфы і гномы, якія падрыхтавалі цікавыя гульні і конкурсы. З’явіўся і сам святы з аленямі, якога моладзь парадавала спевамі і калядкамі.

Каб атрымаць падарункі, дзяўчатам і хлопцам трэба было адказаць на пытанні, у якіх падкрэслівалася, як важна знаходзіць час для духоўнага развіцця, а менавіта катэхізацыі.



Па салезіянскай традыцыі, напрыканцы святы Мікалай прамовіў да сабраных слоўка на дабранач, прыгадаўшы, што важна не звяртаць шмат увагі на знешнюю абалонку, а глядзець унутр, што знешне можна быць прыгожымі і пабожнымі, а на самой справе ўнутры можа быць пустата, якую можна запоўніць толькі Богам.

7 снежня святога Мікалая ў мінскім араторыі чакалі дзеці. Распачалася святочная праграма Імшой, падчас якой вернікі разам з кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB разважалі над тэмай чакання. Святар адзначыў, што да прыходу гасцей трэба рыхтавацца загадзя, а не пакідаць усё на апошні момант. Кажучы пра Божае Нараджэнне, святар дадаў, што было б значна лепш, калі б людзі рыхтаваліся да сустрэчы з Богам не два разы на год падчас галоўных хрысціянскіх святаў, а каб падрыхтоўка была няспынным працэсам.

Працягам свята стала праграма, падрыхтаваная актыўнымі суполкамі мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля. На пачатку свята да прысутных звярнулася вядучая тэлеканала Араторый-ТВ, якая паведаміла, што злы чарадзей Уральдэман скраў святога Мікалая. Ідучы на дапамогу святому, падчас праграмы маленькія вернікі апыналіся ў розных казках, героі якіх падрыхтавалі разнастайныя конкурсы.

Святы Мікалай паслухаў вершы і спевы, падрыхтаваныя дзецьмі, і за свае таленты кожнае дзіця атрымала ў падарунак ад святога цукеркі.



Завяршылася праграма супольнай малітвай, падчас якой сабраныя дзякавалі Богу за магчымасць быць разам падчас свята і прасілі аб дары мудрай падрыхтоўкі да сустрэчы з Панам, які прыходзіць.

Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 
© 2003-2025 Catholic.by