Моладзь Магілёўскага дэканату сабралася на супольнай малітве | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.12.2014 10:40

«Малітва і навяртанне» — пад такім дэвізам 6 снежня ў парафіі Св. Антонія ў Магілёве прайшла сустрэча моладзі Магілёўскага дэканату. У сустрэчы прынялі ўдзел маладыя вернікі з магілёўскай парафіі Св. Антонія, конкатэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і парафіі Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі.

Адвэнт — час радаснага чакання Хрыста, таму моладзь Магілёўскага дэканату вырашыла сабрацца на супольную сустрэчу, каб больш дасканала падрыхтавацца да паўторнага прыйсця Езуса і да святаў Божага Нараджэння.

У межах сустрэчы адбылася супольная малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці, тэматычная канферэнцыя на тэму Эўхарыстыі, дыялог з душпастырамі, урачыстая раратняя святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту са спевамі ў духу Тэзэ.

Сваімі ўражаннямі дзеляцца ўдзельнікі:

«Вельмі прыемна, што ў нас адбыўся дзень моладзі. Гэта, канешне, не Сусветны дзень моладзі, які працягваецца некалькі дзён, але гэты дзень пакінуў шмат прыемных пачуццяў. Дзякуй за гэты магілеўскі дзень моладзі, які дапамог нам лепш падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння» (Мар’ям Лавал і Людміла Сімановіч).

«Дзякуючы такім сустрэчам яшчэ раз пераконваюся ў тым, наколькі нашая моладзь таленавітая і шматгранная. Я шмат новага даведалася падчас перапынку на гарбату, калі мы мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні святарам» (Таццяна Анкудзінава).

«Цяжка перадаць словамі пачуцці ад перажытага дня. На душы было светла, радасна і цёпла. Адным словам, адчувалася прысутнасць Бога. Ён быў блізка» (Аліна Байко).

Паводле сайта Магілёўскага дэканату

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by