Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з журналістамі і працаўнікамі СМІ | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
23.12.2014 15:42 |
Гэтая сустрэча, якая па традыцыі праходзіць перад Божым Нараджэннем, з’яўляецца добрай нагодай, каб падвесці вынікі года і акрэсліць планы на будучы год. На заканчэнне яе ўдзельнікі дзеляцца аплаткай, складаючы адзін аднаму віншаванні з нагоды блізкіх святаў Божага Нараджэння і Новага года.
Падчас сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч распавёў сабраным пра найбольш важныя падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў 2014 г. З падзей Касцёла Сярод важных падзей арцыпастыр назваў і пасвячэнне трох новых беларускіх біскупаў: ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча 18 студзеня, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага 25 студзеня, дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага 1 лютага. Кажучы пра гэтую падзею, Мітрапаліт падкрэсліў: «Гэта ўмацаванне Каталіцкага Касцёла, яго іерархіі, выраз вялікай павагі да нашай краіны з боку Папы, Апостальскага Пасаду». 24-24 лютага ў Лідзе, як нагадаў іерарх, адбыўся Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Каманда духавенства Беларусі заняла на ім 4-е месца, 1-е — каманда Польшчы. «Такія чэмпіянаты мы будзем праводзіць і далей», — адзначыў арцыпастыр, дадаўшы, што спорт «выхоўвае пачуццё адказнасці, мужнасці, дапамагае ў чалавечым і духоўным выхаванні».
Арцыпастыр узгадаў, што ў кастрычніку ў Ватыкане прайшла ІІІ Надзвычайная сесія Сінода Біскупаў, прысвечаная сям’і. У пасяджэннях прыняў удзел Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Па выніках пасяджэнняў, адзначыў іерарх, «можна сказаць, што сучасная сям’я вельмі хворая», «гэта можна назваць хваробай духоўнай Эболы». «Расце колькасць разведзеных, наступае дэвальвацыя традыцыйнай сям’і як адзінага непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны», «дэвальвацыя Божага дару жыцця», «вялікай праблемай застаецца хрысціянскае выхаванне дзяцей», дадаў Мітрапаліт. «Сёння сем’і часта праводзяць нядзелю ці святы ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах, але там яны не спаткаюць Бога, — заўважыў арцыбіскуп. — Сям’я — галоўная клетка грамадства, падмурак грамадства; і дом грамадства разваліцца, калі не будзе моцнай сям’і». Звычайная агульная асамблея Сінода Біскупаў пройдзе ў Ватыкане 4-15 кастрычніка 2015 г. на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і ў сучасным свеце» і стане працягам сёлетняй пазачарговай сесіі. Падзеі, якія чакаюць Касцёл Арцыпастыр расказаў таксама пра падзеі, якія чакаюць Касцёл у Беларусі ў 2015 г. Сярод іх — Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, які пройдзе 18-25 студзеня (набажэнства ў мінскай архікатэдры адбудзецца 24 студзеня); велікапоснае чуванне моладзі ў мінскай архікатэдры, якое пройдзе ў ноч з 14 на 15 сакавіка: працэсія Божага Цела па вуліцах Мінска, якая адбудзецца 31 мая; урачыстасці ў Будславе, якія пройдуць 3-4 ліпеня; Малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы, якая пройдзе 24-26 ліпеня; Агульнабеларуская пілігрымка на Святую Зямлю на асвячэнне табліцы з гімнам Панны Марыі «Magnificat», запланаваная на 21-28 верасня; адмысловая канферэнцыя, прысвечаная 50-годдзю завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, якая пройдзе 21-22 лістапада ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску.
Затым адбылося дзяленне аплаткай. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў усіх прысутных з блізкімі святамі, павіншаваў католікаў і праваслаўных, якія будуць адзначаць Божае Нараджэнне праз два тыдні. Іерарх пажадаў, каб святы Божага Нараджэння «не ператварыліся толькі ў традыцыю адорвання адзін аднаго падарункамі», каб яны «не былі толькі знешнім праяўленнем, а мелі і духоўнае вымярэнне», бо «самая вялікая трагедыя — тое, што Езус праходзіць міма нас, а мы Яго не бачым». «Жадаю, каб нашы сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу», — дадаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, арцыпастыр. Анастасія Грышан Фота Аляксандры Шчыглінскай |