EMMAUS — новы хрысціянскі гурт, які нарадзіўся ў Барысаве | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
20.04.2015 17:02 |
Пра ідэю з’яўлення Ідэя стварэння музычнага гурта ў нашай парафіі нарадзілася зусім нядаўна, напрыканцы студзеня гэтага года. Можна сказаць, што «татам» ідэі стаў Жэня Козак. Ён усё слухаў і слухаў, глядзеў-глядзеў на хрысціянскія гурты і вырашыў стварыць свой». Пра склад гурта «Жэня прапанаваў паўдзельнічаць у стварэнні гурта кожнаму ў касцёле, хто спявае ці грае на якім-небудзь інструменце. У выніку засталіся тыя, каму гэта было цікава. Нас засталося шэсць чалавек: Жэня Козак, Андрэй Немялоўскі, я —Наталля Александровіч, Кацярына Александровіч, Маша Крапіўка, Улад Чайкоўскі. Можна сказаць, што наша група ў нейкім сэнсе па часе нараджэння «велікодная». Пра назву «Назва EMMAUS — «гарачая крыніца» з грэчаскай мовы, назва мясцовасці ў Юдэі, якая ўзгадваецца ў Евангеллі паводле Лукі, была прапанавана Андрэем Немялоўскім на Пальмовую нядзелю. Эмаўс — гэта якраз тое месца, дзе з’явіўся Уваскрослы Хрыстус сваім вучням». Пра першы канцэрт «А на Нядзелю Божай Міласэрнасці ў нас адбыўся першы канцэрт у родным касцёле. Амаль усе спевы на канцэрце былі аўтарскія. Жэня напісаў спевы — «Любіць цябе», «Творца», «З малітвай», «Шлях да Бога», а маё з Андрэем — «Твае словы»). Таксама мы вырашылі ўзяць некалькі спеваў не нашага аўтарства. Гэтыя спевы былі польскія, але перакладзеныя на беларускую мову, якія, можна сказаць, «на слыху» і любімыя большасцю. Такім чынам людзі маглі з намі спяваць, ды і нам не так страшна было». Пра гурткоўцаў «Мы ўсе розных прафесій і зацікаўленасцяў. Жэня, Каця і я — ужо працуем, Маша — студэнтка першага курса, Улад — студэнт-медык, які вучыцца ў Віцебску, а Андрэй таксама заканчвае ўніверсітэт і ўжо працуе. Адным словам — хто дзе зараз, але ўсе паходзім з Барысава». Першы канцэрт слухала ўся парафія, для якой ён задумваўся як падарунак і ўчынак міласэрнасці на адпаведны дзень. На канцэрце перад спевамі гучалі ўрыўкі з Евангелля і тэматычныя разважанні, якія ўводзілі слухачоў, а таксама і выканаўцаў у тэму і настрой кожнага новага спеву. Падрыхтавала Аксана Ючкавіч
|