Урачыстасці ў супольнасці свецкага ордэну кармэлітаў босых прайшлі ў Мінску | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.04.2015 14:00

25 красавіка ў супольнасці свецкіх кармэлітаў босых у Мінску адбылося ўрачыстае распачацце ўступнай фармацыі адной з сясцёр і складанне абяцанняў на тры гады чатырма сёстрамі.

Супольнасць правяла дзень духоўных разважанняў, які, як заўсёды, уключаў малітвы, разважанне, нешпары і канферэнцыю.

Адбылася таксама ўрачыстая святая Імша з удзелам братоў кармэлітаў з Мінска і супольнасці свецкіх кармэлітаў, створанай пры мінскім кляштары. У гаміліі цэлебрант яшчэ раз звярнуўся да ліста айца генерала, скіраванага з нагоды 500-годдзя нараджэння св. Тэрэзы ад Езуса. Звяртаючы ўвагу на пакліканне свецкіх вернікаў, святар нагадаў аб такіх найбольш важных элементах, практыкаванне якіх з’яўляецца ўмовай удзелу ў супольнасці свецкіх кармэлітаў.



Затым сястра Іна атрымала Евангелле і канстытуцыю свецкага ордэну кармэлітаў босых Варшаўскай правінцыі і ўрачыста апранула кармэлітанскі шкаплер, а чатыры сястры склалі абяцанні на перыяд трох гадоў.

Пасля святой Імшы адбылася супольная вячэра.

Як заўсёды, перад складаннем абяцанняў сёстры ўдзельнічалі ў рэкалекцыях, якія прайшлі два тыдні раней у кляштары ў Нарачы. З чацвярга па нядзелю яны ўдзельнічалі ў супольных малітвах, разважаннях над Божым Словам і слухалі канферэнцыі.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by