Прадстаўнікі каталіцкай супольнасці прынялі ўдзел у адкрыцці веласезону 2015 | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.05.2015 11:19

1 мая ў Мінску прайшоў першы гарадскі велапарад і адкрыццё веласезону 2015. Больш за дзве тысячы велааматараў сабралася на пляцоўцы ля «Мінск-арэны», каб праехацца па адным з галоўных праспектаў сталіцы да парка Перамогі, дзе пасля адбыўся фестываль. Працягласць маршрута была невялікай (6 км), але гэта не перашкодзіла атрымаць асалоду ад язды і зарад бадзёрасці і аптымізму на ўвесь астатні дзень.

Разам з такой вялікай колькасцю веласіпедыстаў прынялі ўдзел у заездзе і прадстаўнікі каталіцкай супольнасці. Пяць святароў з розных парафій на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам таксама з радасцю чакалі пачатак старту, і было відаць, што такі актыўны лад жыцця з’яўляецца для іх звыклай з’явай. Святароў на роварах можна часта ўбачыць у штогадовай пілігрымцы Мінск-Будслаў, а таксама на мінскіх веладарожках, што спрыяе падтрыманню не толькі іх добрай фізічнай формы, але таксама сілы духу.

Мерапрыемства не з’яўлялася спартыўнай гонкай альбо велапрабегам, на якіх звычайна важны вынік, а было накіравана на тое, каб паказаць разнастайнасць веласіпедаў, цікавасць удзельнікаў рознага ўзросту, паказаць, што горад становіцца сапраўды веласіпедным і актыўным.  


Віктар Ведзень

 
© 2003-2024 Catholic.by