Асвячэнне капліцы ў Сухарава: «Радуйся, Касцёл у Мінску, радуйся, Касцёл у Беларусі!» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.05.2015 13:00

16 мая ў мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухарава, якой апякуюцца айцы марыяне і сёстры ўршулянкі, была асвечана новаўзведзеная капліца.

Шэры будынак, над якім узвышаецца крыж; людзі, якія сцякаюцца ў яго суботнім ранкам і якіх на парозе вітае радасным «Пахвалёны Езус Хрыстус» грамадка дзяцей і моладзі, якія ўжо і не проста грамадка, а ўдзельнікі руху «Эўхарыстычны рух маладых у Беларусі». Вернікі, якія з цягам часу запаўняюць капліцу, далучаюцца да хору, які спявае гадзінкі да Маці Божай.

Час ад часу, пазіраючы на вокны капліцы, вока спыняецца то на правым вітражы, то на левым.

На першым — св. Уршуля Ледухоўская, заснавальніца супольнасці ўршулянак, якія і працуюць у парафіі Безаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. На другім — росіцкія мучанікі — айцец Юрый Кашыра і айцец Антоні Ляшчэвіч, благаслаўлёныя апекуны супольнасці марыянаў і ўсёй Беларусі, якія сваім жыццём засведчылі адданасць Богу і свайму народу.

16 мая парафія, якая існуе і развіваецца пад кіраўніцтвам айцоў марыянаў, скончыла, як адзначыў пробашч а. Аляксандр Шамрыцкі МІС, «першы этап» дарогі да будаўніцтва святыні — пабудавана капліца, дзе можа збірацца ўжо немаленькая супольнасць вернікаў.

На этапах развіцця жывой святыні, супольнасці вернікаў, парафіяне збіраліся на малітву то ў капліцы Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы, то ў касцёле свв. Сымона і Алены, то ў зале ЖЭС, а часамі і пад адкрытым небам на пляцоўцы, дзе зараз паўстала капліца, а ў будучыні паўстане касцёл.

На асвячэнні капліцы, якое адбывалася падчас Эўхарыстыі, прысутнічалі святары, сёстры законныя i шматлiкiя госцi.

Эўхарыстыю цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які на працягу станаўлення парафіі і будаўніцтва капліцы неаднаразова ўдзельнічаў у малітоўным жыцці новай парафіі.

Таксама прысутнічала загадчыца сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ала Мартынава.

Узрадуйся, Касцёл у Беларусі!

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў: «Узрадуйся, Касцёл у Мінску, радуйся, Касцёл у Беларусі!»

«Сёння да чатырох дзейнічаючых касцёлаў і пяці капліц далучаецца яшчэ адна — у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Такім чынам у сталіцы Беларусі з сённяшняга дня будзе дзесяць належачых Касцёлу месцаў, дзе абвяшчаецца Божае слова, цэлебруюцца сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя, праводзіцца катэхізацыя, здзяйсняецца дабрачынная праца і г.д. — адным словам, дзе будуецца жывы Касцёл, як Народ Божы», — адзначыў іерарх.

У гаміліі арцыбіскуп падзякаваў усім, хто якім-кольвек чынам паспрыяў і спрыяе як будаўніцтву матэрыяльнага будынка святыні, так і паўстанню і развіццю касцёльнай супольнасці.

Поўны тэкст гаміліі »»

Напрыканцы святой Імшы прадстаўнікамі духавенства быў падпісаны спецыяльны дакумент - дэкрэт на лацінскай мове, які сведчыць аб асвячэнні новай капліцы.

Пасля святой Імшы вернікі таксама падзякавалі сваім духоўным праваднікам.

Сям'я Матыс, Дзмітрый і Алена, якія выхоўваюць чатырох дзяцей, падзялілася сведчаннем аб каштоўнасці парафіяльнай супольнасці ў іх сям'і.

Дзмітрый: «Для нас быць з Богам у сваёй сям'і і ў сям'і парафіяльнай вельмі важна. У гэтай вялікай сям'і існуе ўзаемадапамога. У складаных сітуацыях можна разлічваць на іншых».

Алена: «Розныя перыяды года, асабліва святочныя — Божае Нараджэнне, Вялікдзень — так важна перажываць разам. Калі перажываеш іх у парафіяльнай супольнасці, то адчуваеш, што жыццё становіцца напоўненым, радасным, набывае сэнс».

«Зараз мы цешымся, што старэйшыя дзеці ўжо самі наведваюць касцёл, розныя сустрэчы», — кажа Алена, а Дзмітрый дадае: — «Сын наведвае сустрэчы міністрантаў, катэхезы ж наведваюць малодшыя. Для нас вельмі важна, што дзеці атрымліваюць тут і адукацыю, якая вядзецца з дапамогаю сясцёр уршулянак. У парафіяльнай супольнасці дзеці знаходзяць сяброў, што дае ім магчымасць працягваць хрысціянскае жыццё па-за межамі нашай сям'і, у тым соцыуме, дзе яны жывуць. Напрыклад, у старэйшага сына яго аднакласнік і добры сябар таксама міністрант».

Парафія жыве, расце і ўжо мае месца, у якім можа «спаткацца з Хрыстом Уваскрослым на малітве і несці Яго ў свет», нібыта сэрца пульсуе, каб дасягаць кожнай часткі горада.

Аксана Ючкавіч

Фота Віталія Палінеўскага

 
© 2003-2024 Catholic.by