Апостальскі Нунцый наведаў парафію Божага Цела ў Мінску | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.06.2015 17:08

4 чэрвеня парафія Божага Цела ў Мінску адзначыла сваё парафіяльнае свята, падчас якога ўрачыстую Імшу цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У гаміліі Апостальскі Нунцый звярнуў увагу на важнасць асабістага перажывання моманту прыняцця Цела Езуса Хрыста. Яно мусіць змяняць асобу кожнага, каб людзі рабіліся чыстымі і шчырымі ў вызнаванні веры.

Прадстаўнік Папы звярнуўся таксама да тых, хто атрымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі. Іерарх адзначыў, што падчас гэтага сакрамэнту мы атрымліваем патрэбныя нам дары Святога Духа, але пры гэтым маем абавязак належным чынам выкарыстоўваць гэтыя дары і таленты.


Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія да чатырох алтароў, пастаўленых вакол капліцы. Алтары былі падрыхтаваны групамі, якія дзейнічаюць пры парафіі - ружанцовыя колы, Легіён Марыі, свецкія сябры Ордэна кармэлітаў.

Напрыканцы ўрачыстасці Апостальскі Нунцый удзяліў усім сабраным папскае благаслаўленне.

A. Сяргей Трысцень OCD, (АлГ)

 
© 2003-2025 Catholic.by