У Мінску прайшло адкрыццё дзіцячага араторыя на новы навучальны год | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.09.2015 10:19

20 верасня ў Мінску адбылося святочнае адкрыццё дзіцячага араторыя на новы навучальны год. На адкрыцці сабралося шмат дзяцей, якія пасля летняга адпачынку жадалі сустрэцца з Езусам у Эўхарыстыі, а потым сустрэцца ў араторыі са сваімі сябрамі, аніматарамі, сёстрамі законнымі і святарамі.

Адкрыццё пачалося святой Імшой. Затым дзеці разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі накіраваліся ў араторый, дзе іх чакаў «святы Ян Боско».

Дзеці былі здзіўлены, бо шмат чулі пра гэтага святога выхавацеля, але яго не бачылі. «Ян Боско» быў вельмі рады сустрэцца з хлопцамі і дзяўчатамі араторыя і запрасіў іх «прагуляцца» па вуліцах Турына — свайго роднага горада — і «завітаць» у мясцовыя араторыі, у кожным з якіх дзяцей сустракаў чалавек, які дапамагаў ім праз розныя гульні лепш спазнаць харызму святога Яна Боско.

Ксёндз Боско заўсёды быў вельмі чулым да сваіх выхаванцаў, таму, заўважыўшы, што дзеці «пабывалі» ў розных араторыях, шмат каго сустрэлі і атрымалі новыя веды, запрасіў іх да супольнай малітвы і да ўзнагароды — падарункаў і салодкага стола.

Дзіцячы араторый працуе кожную нядзелю з 11 да 13 гадзін. Святая Імша для дзяцей цэлебруецца кожную нядзелю а 10-й гадзіне.

Паводле www.sdb.by

(AG)

 

 

Фота www.sdb.by

 
© 2003-2025 Catholic.by