Біскуп Юрый Касабуцкі наведаў касцёл у Маладзечне з нагоды парафіяльных святаў | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.11.2015 11:04

Кастрычнік – месяц асаблівы для вернікаў парафіі Святога Юзафа ў Маладзечне. 26 кастрычніка адзначалася 18-я гадавіна асвячэння касцёла, 30 кастрычніка, ва ўспамін святога Эдмунда, парафіяне дзякавалі Богу за святарскае служэнне пробашча парафіі з нагоды яго імянінаў, а 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, да парафіяльнага святкавання далучыўся дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які паходзіць з гэтай жа парафіі.

На пачатку літургіі біскуп павіншаваў пробашча з імянінамі і ўзгадаў пра першую Імшу, якая адбылася ў першай пабудаванай у горадзе святыні.

У гаміліі іерарх разважаў над тым, чым з’яўляюцца евангельскія благаслаўленні і як важна іх захоўваць сёння ў жыцці.

Пасля Імшы, дзякуючы біскупу за малітву і прысутнасць, пробашч падараваў іерарху келіх, прывезены са Святой Зямлі, і стулу з выявай Маці Божай Будслаўскай.

Дзякуючы, біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на моладзевы хор, які адказваў за музычнае аздабленне літургіі, і пажадаў яму далейшага развіцця дзеля большай Божай хвалы.


Кс. Міхал Бубен, (AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by