Малітва за спачылых святароў і кансэкраваных асобаў адбылася ў Магілёве | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.11.2015 11:06

Невялікай, але вельмі важнай традыцыяй у Магілёўскім рэгіёне з’яўляецца супольная малітва за памерлых святароў і кансэкраваных асобаў. Сёлета яе ўдзельнікі, як і ў мінулым годзе, сабраліся ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве.

Адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Выразным момантам падчас літургіі было зачытванне імён духоўных асобаў, якія працавалі на гэтай зямлі.

Пасля Эўхарыстыі святары, кансэкраваныя асобы і ўсе жадаючыя наведалі могілкі ў в. Паплаўшчына – даўнейшы каталіцкі асяродак, які перажывае не найлепшыя часы, дзе знаходзіцца магіла кс. прэлата Яна Аношкі, святара Магілёўшчыны, незаслужана забытага, як і многія іншыя.

Да малітвы далучыліся крэўныя з роду Аношкаў, якія прыехалі на гэтую падзею з Мінска.


Паводле mohylev-katolik.by, (АлГ) (AG)

Фота mohylev-katolik.by

 
© 2003-2025 Catholic.by