Аплаткавая сустрэча з дзецьмі прайшла ў мінскім араторыі | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.12.2015 19:11 |
На святочную Імшу ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка) прыйшла і моладзь, і дзеці, і бабулі, і дзядулі, і таты, і мамы, якія прынеслі ці прывезлі самых малодшых вернікаў Касцёла.
У атмасферы свята, успамінаў пра вігілійнае дзяленне аплаткай і Імшу пастэрку прысутныя сваёй каляровай шматлікасцю і рознаўзроставасцю запоўнілі прастору каля алтара, дзе Эўхарыстыю, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі пробашчы з розных парафій. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі звярнуўся да постаці першамучаніка святога Стэфана, які “з такой моцай абвяшчаў праўду пра Езуса ўкрыжаванага і ўваскрослага, што нават вучоныя і фарысеі не маглі яго слухаць. Менавіта таму яны выкінулі яго з горада і забілі камянямі. Стэфан, аднак, меў мацнейшы за камень аргумент: ён прабачыў сваім забойцам і маліўся Богу, каб не залічыў ім гэтага граху”. Арцыпастыр зазначыў, што сучасны свет мае патрэбу ў такіх святых, як Стэфан і што менавіта постаць гэтага святога так добра ўпісваецца ў Год Міласэрнасці, у які Папа Францішак заклікае да прабачэння.
Кажучы пра прабачэнне, услед за святым Янам Паўлам ІІ Мітрапаліт падкрэсліў, што прабачэнне не з’яўляецца слабасцю, але перамогай, і найперш перамогай самога сябе. Звяртаючыся да дзяцей, іерарх заклікаў іх любіць бліжніх і ўсім прабачаць, каб убачыць і адчуць Божае благаслаўленне ў сваім жыцці.
Пасля Імшы дзеці і ўсе астатнія накіраваліся ў залу араторыя, дзе іх чакалі салезіянскія зоркі. У танцы спячы вясёлы торт, прайсці праз залатыя брамы, карагодзячы, падзяліцца аплаткай адзін з адным і не пайсці без салодкага падарунка і віншавальнага абразіка з Божым Нараджэннем - гэта ўсё сустрэча ў араторыі, якая сабрала шмат дзяцей.
Асабліва шустрыя паспелі атачыць арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, каб атрымаць сэлфі і папоўніць сваю калекцыю аўтографаў вядомых асобаў, у тым ліку і касцёльных.
Аксана Ючкавіч Фота Ірыны Петрусевіч |