Дзіцячы гурт парафіі ў Мар’інай Горцы прадставіў вернікам Чэрвеня святочны канцэрт | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.01.2016 11:24

Ужо некалькі гадоў запар хлопчыкі і дзяўчынкі з гурта «Пухавіцкія пярлінкі» парафіі Св. Антонія ў Мар’інай Горцы імкнуцца перадаць цуд Богаўцелаўлення іншым людзям. Таму 3 студзеня яны наведалі вернікаў суседняй каталіцкай супольнасці горада Чэрвень.

Падарожнікам не перашкодзіла і тое, што ў дваццаціградусны мароз аўтамабілі некаторых бацькоў юных артыстаў не завяліся. Як сапраўдныя вызнаўцы Хрыста, бацькі і дзеці ахвярна дапамагалі адзін аднаму дабрацца з дому да свайго касцёла ў Мар’інай Горцы.

Адтуль члены касцёльнага вакальна-харэаграфічнага гурта са сваім пробашчам, катэхеткамі, гукааператарамі і акустычным абсталяваннем накіраваліся ў Чэрвень з цёплымі віншаваннямі і інсцэніроўкай пра Божае Нараджэнне. Дзеці спадзяваліся, што іх святочны канцэрт прынясе кожнаму, хто яго ўбачыць, крыху радасці, любові, святла і надзеі.

Маленькія артысты не толькі распавялі пра Божае Нараджэнне, але і спявалі, танчылі, чыталі вершы і гралі на музычных інструментах. Выступленне вельмі спадаблася гледачам, якія доўга пляскалі ў далоні, шмат разоў ввыклікаючы артыстаў «на біс». Ад гаспадароў сустрэчы неспадзявана выйшла нават прапанова прысвоіць гурту гасцей тытул «народны».  



Ролю Святой Сям’і ў інсцэніроўцы выканала сям’я Алы і Сяргея Кучынскіх з нованароджаным сынам Аляксандрам.

Напрыканцы сустрэчы чэрвеньскія парафіяне шчыра падзякавалі гасцям за прыбыццё, пачаставалі гарбатай і цукеркамі і запрасілі прыязджаць яшчэ.

Ала Кучынская, (AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by