Аплаткавая сустрэча чыгуначнікаў прайшла ў Маладзечне | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.01.2016 12:35

Удзельнікі гродзенскага душпастырства чыгуначнікаў падзялілі радасць Божага Нараджэння са сваімі калегамі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі.

На сустрэчу прыехалі госці з Мінска, Гродна і Лучая.

Святую Імшу ў касцёле св. Юзафа цэлебравалі душпастыры чыгуначнікаў Маладзечна і Мінска кс. Міхаіл Бубен і а. Станіслаў Станеўскі CSsR.

У гаміліі падчас святой Імшы а. Станіслаў Станеўскі звярнуў увагу на важнасць сакрамэнту хросту ў жыцці хрысціяніна.

«У момант хросту няма бачнай прысутнасці Святога Духа, але Бог пралівае на нас сваю Ласку. Пасля прыняцця сакрамэнту хросту чалавек становіцца дзіцём Божым. Гэта вялікі дар для кожнага з нас. У дзень хросту мы нараджаемся для жыцця вечнага, праз дзеянне Святога Духа становімся нашчадкамі Нябеснага Валадарства», – сказаў а. Станіслаў Станеўскі.

Святар дадаў, што «кожны з нас як хрысціянін-католік абавязаны шанаваць гэты дар, берагчы і развіваць».

«Не толькі ад Бога, але найперш ад цябе залежыць, наколькі ты зможаш распарадзіцца гэтым скарбам», – падкрэсліў святар.

Пасля Імшы чыгуначнікі сабраліся за агульным сталом, каб падзяліцца аплаткай. Усіх прысутных павіншаваў са святам Божага Нараджэння вікарый парафіі Святога Юзафа кс. Міхаіл Бубен.

Паводле msj.by (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by