У мінскай парафіі ў Лошыцы прайшла першая кананічная візітацыя ў яе гісторыі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.03.2016 11:41

У мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай (мр-н Лошыца) 2 сакавіка адбылася ўрачыстая святая Імша з  нагоды кананічнай пастырскай візітацыі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага.

Урачыстасць стала заключнай часткай чатырохдзённай праграмы пастырскай візітацыі. У парафіі Маці Божай Ружанцовай гэта была першая біскупская візітацыя ў гісторыі.

Вернікі сустрэлі біскупа хлебам-соллю пры ўваходзе ў парафіяльную капліцу. Іерарх, увайшоўшы ў святыню, благаславіў прысутных, памаліўся перад абразом Езуса Міласэрнага, а затым узначаліў святую Імшу.

Канцэлебравалі Эўхарыстыю пробашч лошыцкай парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA і кс. Крыштаф Пасвята CSMA — пробашч парафіі Святога Арханёла Міхала ў Гатаве.

Вітаючы высокага госця, кс. Генадзь Кухарэвіч зрабіў кароткую справаздачу з гісторыі жыцця парафіі, а таксама сваёй душпастырскай працы, якія амаль супадаюць паводле тэрмінаў і зместу.

Ксёндз Генадзь Кухарэвіч нагадаў, што ў верасні 2003 года кардынал Казімір Свёнтэк прызначыў яго пробашчам гэтай парафіі, і з таго часу па сённяшні дзень душпастырствам у ёй займаюцца міхаліты.

Затым святар узгадаў часы, калі, не маючы ўласнай капліцы, парафіяне маліліся ў арэндаваных кватэрах, адміністрацыйных будынках і нават пад голым небам, таксама прыгадваў будаўніцтва парафіяльнай капліцы, заснаванне парафіяльных традыцый, малітоўных рухаў і груп.

За гэты час у парафіі адбылося 295 хростаў, 106 канфірмацый, 92 дзіцяці прынялі першую святую Камунію, удзелены 101 сакрамэнт шлюбу, тры асобы далучыліся да манаскіх супольнасцяў.

«У 2006 годзе светлай памяці кардынал Казімір Свёнтэк прапанаваў пабудаваць у нашай парафіі Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасці. Гэтую ідэю падтрымаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У парафіі пачалося будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці. У гэты Год Божай Міласэрнасці з нашай парафіі штодзень у 15.00 адбываецца Вяночак да Божай Міласэрнасці, а таксама гэтая малітва транслюецца праз інтэрнэт на сайце catholic.by», — сказаў ксёндз Генадзь Кухарэвіч.

Біскуп Юрый Касабуцкі, звяртаючыся да вернікаў, адзначыў, што не першы раз наведвае парафію Маці Божай Ружанцовай, і ў чарговы раз падкрэсліў, што парафіяне маюць ласку міласэрнасці ў тым, што «Бог паслаў пробашчам парафіі свайго, Божага чалавека, якім ёсць ксёндз Генадзь Кухарэвіч».

Цёплыя словы пашаны і падзякі біскуп адрасаваў таксама брату ксяндза Генадзя Кухарэвіча па супольнасці, пробашчу парафіі ў Гатава кс. Крыштафу Пасвяту CSMA за ціхую, цярплівую, крапатлівую працу і служэнне.

«Заснавальнік супольнасці міхалітаў благаслаўлёны Браніслаў Маркевіч, пэўна, з радасцю глядзіць на служэнне сваіх годных паслядоўнікаў, якія прыйшлі праз яго на службу Хрысту», — адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.

Звяртаючыся да парафіян, іерарх таксама адзначыў важнасць служэння бліжняму.

«Калі мы стараемся дзяліцца дабром з бліжнімі, то яно вяртаецца да нас, таксама як вяртаецца і дрэннае слова ці дрэнныя ўчынкі. Зараз мы перажываем час Вялікага посту — асаблівы час, калі Касцёл заахвочвае зазірнуць у сваё сэрца і спытаць у сябе: “ці сапраўды мы жывём з Богам? Ці сапраўды нашыя думкі і ўчынкі Божыя? Асабліва ў гэты год — Год Божай Міласэрнасці, абвешчаны Папам Францішкам, — гэта яшчэ адзін заклік асаблівым чынам паглядзець на іншага чалавека — таго, хто жыве, працуе, вучыцца разам з намі, каб праявіць да яго сваю міласэрнасць, прабачыць ягоныя слабасці», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх дадаў, што міласэрнасць можна праявіць простай увагай да іншага чалавека: паразмаўляць, выслухаць, адведаць хворага.

«Бо кожны ўчынак міласэрнасці ўзбагачае нас саміх. Калі мы навучымся міласэрнасці, то гэта будзе тым багаццем, якое будзе з намі назаўжды. Я жадаю, каб кожны з нас прыняў гэта ў сваё сэрца, каб жыў міласэрнасцю Божай. А Езус заўсёды з намі побач, Ён чыніць сваю міласэрнасць. Ён любіць кожнага чалавека і чакае гэтага чалавека», — адзначыў біскуп.

На завяршэнне Імшы вернікі прэзентавалі біскупу Юрыю Касабуцкаму дзейнасць парафіяльных груп і супольнасцяў: сужэнскі рух «Факаляры», «Маці ў Малітве», чатыры ружанцовыя групы, тры  «Маргарыткі», група моладзі «Ефафа», група малітвы да Езуса Міласэрнага і да святога Арханёла Міхала, група малітвы за душы ў чыстцы.

На памяць аб малітоўнай сустрэчы парафіяне падарылі іерарху насценны гадзіннік з выявай даўняй капліцы ў Лошыцкім парку, які месціцца на тэрыторыі парафіі. А біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў парафіянам пастырскае благаслаўленне.

Галіна Абакунчык, фота аўтара

 
© 2003-2025 Catholic.by