28 лютага – 1 сакавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў з біскупскім душпастырскім візітам парафію Св. Антонія Падуанскага ў Магілёве.
У першы дзень біскуп прыбыў у парафію з самай раніцы на першую святую Імшу, каб скіраваць да вернікаў Божае слова. Перад Эўхарыстыяй іерарха прывіталі парафіяне з хлебам і соллю.
Падчас другой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Яшэўскі, іерарх таксама звярнуўся да вернікаў парафіі, заклікаўшы іх быць адкрытымі і, самім спазнаўшы Божую міласэрнасць, запрашаць іншых людзей да веры. Дзяцей біскуп заклікаў не баяцца прымаць велікапосныя пастановы і выконваць іх. Да маладых парафіян іерарх звярнуўся на Імшы для моладзі. Такім чынам, біскуп правёў увесь гэты дзень у парафіі, на кожнай Імшы прапаведуючы Божае слова. 
Увечары іерарх сустрэўся з прадстаўнікамі парафіяльных груп: «Хатні Касцёл», «Жывы Ружанец», дзіцячы «Жывы Ружанец», «Легіён Марыі», дзіцячы «Легіён Марыі», моладзь. Да кожнай з груп біскуп скіраваў словы падтрымкі і заахвоціў усіх да большай адказнасці за справы веры, Касцёла і парафіі.
Другі дзень душпастырскай візітацыі быў прысвечаны сустрэчы са святарамі з Кангрэгацыі Місіянераў Клярэтынаў, якія апякуюцца парафіяй. Таксама біскуп пацікавіўся станам будаўніцтва касцёла.
Урачыстае заканчэнне візітацыі – яе трэці дзень – прыпала на аўторак, калі ў парафіі адбываецца адмысловае набажэнства да яе апекуна святога Антонія: Імша ў гонар святога, а пасля навэнна. Падчас Эўхарыстыі біскуп заклікаў парафіян быць адважнымі, не баяцца дзяліцца з іншымі сваёй верай і запрашаць людзей няверуючых і шукаючых у супольнасць Касцёла.

На заканчэнне іерарх звярнуўся з просьбай уваскрасіць старажытную традыцыю і называць святога Антонія Падуанскага яшчэ і Магілёўскім.
А. Віталій Чабатар CMF, (AG)
|