4 сакавiка ў парафіі Святога Казiмiра i святой Ядвiгi ў Магiлёве адбыўся парафіяльны фэст у гонар апекуна парафii святога Казiмiра. Гэтае традыцыйнае парафіяльнае свята сёлета мела асаблівую адметнасць: парафію ўпершыню наведаў з бiскупскай вiзiтацыяй біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB.
Перад святой Імшой вернiкi мелi магчымасць паразважаць над Божым словам у прысутнасцi Найсвяцейшага Сакрамэнту, прыняць удзел у ружанцовай малiтве i даверыць свае просьбы i жаданнi Богу праз Лiтанію да святога Казiмiра.
Пробашч маладой парафіі айцец Раман Шульц OP і шматлiкiя вернiкi шчыра сустракалi святароў і кансэкраваных асобаў, якiя далучыліся да парафiяльнага фэсту.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі, наведваючы парафію, падкрэсліў, што «візітацыя – не праверка, а лепшае знаёмства з душпастырам і вернікамі парафіі», і нагадаў словы святога Аўгустына: «Для вас я – біскуп, з вамі – хрысціянін». 
«Тры падзеі сёння збіраюць нас разам у гэтай гістарычнай каплічцы на старажытных польскіх могілках у парафіі Св. Казіміра і св. Ядвігі, – сказаў іерарх на пачатку Імшы. – Першая падзея звязана з адпустовай урачыстасцю святога Казіміра, апекуна парафіі, чалавека святога, якога вельмі шанаваў і праслаўляў наш народ. Другоя падзея – гэта запланаваная кананічная біскупская візітацыя. І апошняя, трэцяя падзея, – гэта спалучэнне першых дзвюх, дзеля духоўнай карысці і ўзбагачэння нас, духоўных асобаў, і вас, дарагія браты і сёстры. А менавіта – святыя велікапосныя рэкалекцыі».
Па словах біскупа, кожны вернік павінен паставіць перад сабой тры пытанні адносна рэкалекцый: што такое рэкалекцыі, дзеля чаго яны нам патрэбны і якая мэта праводзіць іх у Вялікі пост? Іерарх дадаў, што ў час велікапосных рэкалекцый будуць дзейнічаць тры асобы: першая – Дух Святы, другая, якую вядзе Дух Святы, – кожны з вернікаў, трэцяя – бicкуп, які з’яўляецца толькі «суфлёрам», каб дапамагчы гэтым дзвюм асобам дзейнічаць паміж сабой.
Разважаючы пра асобу апекуна парафіі Св. Казіміра, біскуп адзначыў, што «часткі яго імя “Казі” – казаць і “мір” – супакой – вельмі шмат кажуць аб характарыстыках гэтага святога». «Тры моманты характарызавалі духоўнасць і фармавалі святасць святога Казіміра. Калі мы прымем іх як наш асабісты шлях да дасканаласці, можам быць упэўненыя, што так, як святы Казімір, дойдзем хутка да святасці», – сказаў іерарх.
У першую чаргу, па словах біскупа, любімай кнігай святога Казіміра, з якой ён ніколі не расставаўся кожны дзень, было Евангелле. Ён чытаў Біблію, медытаваў і імкнуўся на аснове Святога Пісання фармаваць свае погляды і ўчынкі. У тэкстах Бібліі ён знайшоў самы глыбокі сэнс свайго жыцця і служэння іншым, асабліва бедным, што адлюстравалася ў наведванні бедных у іх дамах, хворых у шпіталі і ўсіх няшчасных. Крыніцай такой вялікай любові да чалавека ў жыцці святога Казіміра была, як дадаў біскуп, Божая любоў, якую ён пазнаваў сам і якой дзяліўся з іншымі.
Пасля разважання над Божым словам і ўцелаўлення яго ў жыцці для святога была, адзначыў іерарх, малітва: святы Казімір праводзіў доўгія гадзіны ў глыбокай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, стараўся амаль кожны дзень, прысутнічаць на святой Імшы і прымаць святую Камунію.
«Удзел у Эўхарыстыі з глыбокай верай і веданнем таго, што яна паўтарае дзеянне бязмежнай любові Бога ў муцы, смерці і ўваскрасенні Хрыста, было для святога крыніцай сілы любіць бедных, якая стала працягам бясконцай любові Бога да людзей», – звярнуў увагу іерарх. 
Акрамя таго, святы Казімір абраў сваёй «Найдаражэйшай Маці» Каралеву Неба, Маці Божую, і Ёй даручыў усё сваё жыццё. «Шлюб чысціні, нявіннасці быў складзены святым з жадання наследваць чысціню і бескарыслівую любоў Марыі», – сказаў іерарх.
На завяршэнне біскуп Аляксандр Яшэўскі пажадаў усім паглыбляць у сабе жаданне разважаць над Божым словам і ўцелаўляць яго ў жыццё, маліцца, адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт і цаніць дар Эўхарыстыі, абраць Панну Марыю сваёй Найлепшай Маці і наследаваць Яе цноты ў жыцці. «А святы Казімір выпрасіць і нам ласку святасці і радасці з Божага жыцця тут, на зямлі», – дадаў іерарх.
Аксана Барашко, (AG)
|