На свае вочы: як у мінскай катэдры рыхтуюцца да Пальмовай нядзелі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.03.2016 10:00

Хутка Пальмовая нядзеля, а гэта значыць, што трэба рыхтаваць вербы. Карэспандэнт Catholic.by адправілася ў мінскі архікатэдральны касцёл, каб паўдзельнічаць у адмысловым майстар-класе па вырабе беларускіх святочных «пальмачак».

Звычайна ў аздабленні святочных вербачак у катэдры ўдзельнічае моладзь, але, як кажуць, «адзін у полі не воін», таму на дапамогу юным фларыстам кс. Андрэй Калядка запрасіў усіх ахвотных.

Перад уваходам у сакрыстыю мяне ўжо чакалі Алена і Сафія, «куратары» гэтай ініцыятывы, каб завесці ў «майстэрню». Сюды, у парафіяльную плябанію, дзе і адбывалася «майстраванне» вербачак, пакрысе пачала таксама падцягвацца моладзь.

Як распавялі арганізатары, ініцыятыва правядзення такога майстар-класу з’явілася яшчэ ў 2003-2004 гадах, а зараз адбываецца штогод.

Заўсёды ў ёй удзельнічае парафіяльная моладзь, якая сама прыдумвае ідэі і рэалізуе гатовыя вербы парафіянам. Вядома, усё гэта пад кіраўніцтвам «куратараў». Выручаныя сродкі выкарыстоўваюцца для арганізацыі розных моладзевых мерапрыемстваў.


«Увага сюды! — распачынае майстар-клас Алена, — зараз бяром тры вербачкі, кладзём іх на пальмовы лісток і трымаем, а другі чалавек (бо лепш працаваць удвух) завязвае стужачкі, можна некалькі штук. Тры дакладна патрэбна». Да Алены далучаецца Сафія, а таксама ўсе дзяўчаты-ўдзельніцы майстар-класу.   

«Кожны год у нас узнікае нейкая новая ідэя афармлення вербачак. Увогуле, ідэі ўзнікаюць спантанна», — заўважае Алена.


Аказваецца, раней для афармлення святочных вербачак моладзь архікатэдры выкарыстоўвала ў асноўным сухія кветкі. Такую натуральную аздобу «фларыстам» прэзентавала адна парафіянка, Вікторыя, якая для ўпрыгожвання вербачак летам сушыла кветкі і прыносіла іх у касцёл.

Сёння ж вербы аздабляюцца ў асноўным штучнымі кветкамі. Напрыклад, спецыяльна для сёлетніх вербаў адна дзяўчына з касцёла зрабіла прыгожыя кветкі з гафрыраванай каляровай паперы.


«У гэтым годзе мы разам з нашым дызайнерам Галінай параіліся і вырашылі зрабіць вербачкі з жывой зелянінай, якая сапраўды падобная да жывых пальмаў», — дзеліцца Алена Станіславаўна.

Пакуль жанчына распавядае, на стале ўжо з’яўляюцца першыя «шэдэўры» — вербы з сапраўднымі жывымі пальмамі, упрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі, самаробнымі і засушанымі кветкамі. Гледзячы на такую прыгажосць, я не ўтрымалася і сама пачала рабіць вербачку.



«Вазьмі вось гэтую зялёную стужачку», — параіў мне фатограф Віктар, які разбавіў нашу жаночую кампанію. Любячы зялёны колер, я не магла стрымацца. Некалькі хвілін карпатлівай працы — і вось што атрымалася:


«Я першы раз на такім майстар-класе. Святар запрасіў, і я адгукнулася. Я думаю, што гэта добрая магчымасць дапамагчы парафіі і прысвяціць гэты час Вялікага посту на нейкі добры ўчынак», —  распавядае ўдзельніца майстар-класу Вольга Данішэвіч.


А сяброўкі Вікторыя Мікуліч і Нэлі Болдак дапамагаюць парафіі ўжо не першы раз і адзначаюць, што гэта прыносіць ім вялікае задавальненне і радасць.

«Першы раз мы прыйшлі сюды перад святамі Божага Нараджэння. Тады мы таксама ўсе разам тут складалі ў канверты аплаткі для продажу. Гэта для нас як аддаць частку свайго сэрца на супольную справу», — распавяла Вікторыя.

Нэлі дадае: «Асабіста я такім спосабам аддаю частку сябе Пану Езусу. Да ўсяго тут заўсёды прыемная атмасфера. Калі сюды заходзіш, адразу адчуваеш радасць, весялосць, лёгкасць, якой потым хочацца дзяліцца нават з мінакамі».

Гадзіна працы — і першая партыя вербаў гатовая. Ужо ёсць, з чым сустракаць Езуса. Аднак, канешне, не варта забываць, што, каб годна сустрэць уваскрослага Збаўцу, патрэбна ачысціць і ўпрыгожыць найперш свае сэрцы.


Марына Валасар,

Фота Віктара Ведзеня

 
© 2003-2025 Catholic.by