2 красавіка, у вігілію свята Божай Міласэрнасці, адбылася пілігрымка вернікаў Мядзельскага дэканата да Брамаў міласэрнасці ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Вернікі з Нарачы, Камарова, Свіры, Шэметава, Мядзела, Крывічоў разам са сваімі душпастырамі мелі магчымасць прайсці праз Брамы міласэрнасці юбілейнай святыні.
Ініцыятарам пілігрымкі быў ксёндз Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскага дэканата.
Дата 2 красавіка была абрана невыпадкова: гэта не толькі вігілія свята Божай Міласэрнасці, а і 11-я гадавіна са дня смерці святога Яна Паўла ІІ – вялікага шанавальніка Божай міласэрнасці. Стараннямі айцоў кармэлітаў у Будслаў былі прывезены рэліквіі святога Яна Паўла ІІ, якія знаходзяцца ў нарачанскім касцёле.
У гаміліі, якую прамаўляў кс. Багуслаў Маджэеўскі, святар звярнуў увагу на дзвюх асобаў: Панну Марыю і святога Яна Паўла ІІ, якія праз сваё «Fiat» і «Totus tuus» цалкам даверыліся Божай міласэрнасці і любові, і зараз праз іх гэтая таямніца адкрываецца ўсяму чалавецтву.
Пасля Імшы адбылося набажэнства да Божай Міласэрнасці, і пілігрымы, якія прыбылі не толькі з бліжэйшага наваколля, але і з Мінска, мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі святога Яна Паўла ІІ, просячы яго аб заступніцтве.
Пілігрымка вернікаў Мядзельскага дэканата да Брамаў міласэрнасці і Маці Божай Будслаўскай стала, як казаў Папа Францішак, «пяшчотным дотыкам Бога» перад святам Божай Міласэрнасці.
Ірына Шнітоўская
|