Другую гадавіну далучэння Яна Паўла ІІ да ліку святых адзначылі ў Нарачы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.05.2016 15:24

1 мая ў нарачанскай парафіі Св. Андрэя, апостала, адбылася Імша падзякі ў другую гадавіну кананізацыі Вялікага Папы Яна Паўла ІІ. Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

r


У гэты дзень у парафіі адбыўся ўжо традыцыйны конкурс выпечкі «папскіх пірожных». Нарачанскія гаспадыні прывіталі біскупа на прыкасцёльным пляцы, пачаставаўшы яго сваімі кулінарнымі шэдэўрамі.

Імшы папярэднічаў святочны канцэрт гурта «Laudans» у гонар св. Яна Паўла ІІ. Артысты прадставілі ўвазе нарачанцаў паэтычную спадчыну Вялікага Папы, пакладзеную на музыку.


У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуў увагу вернікаў на дзвюх асобаў: Панны Марыі і Яна Паўла ІІ. Іерарх адзначыў, што святы Ян Павел ІІ усё сваё жыццё праз дэвіз «Totus Tuus» даверыў Марыі. З нагоды пачатку месяца мая біскуп заклікаў вернікаў па прыкладзе Яна Паўла ІІ, для якога малітвы ніколі не бывала занадта шмат, давяраць сваё жыццё праз малітву Богу, збіраючыся ў сямейным коле, у касцёле, ля прыдарожных крыжоў.


У межах падрыхтоўкі да другой гадавіны кананізацыі Вялікага Папы для парафіян быў праведзены конкурс фотаздымкаў «Міласэрныя, як Айцец», прысвечаны Божай міласэрнасці. Пасля святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзнагародзіў удзельнікаў конкурсу выпечкі і фотаконкурсу дыпломамі і падарункамі.
 
Ірына Жалубоўская
Фота Ірыны Школінай

 
© 2003-2025 Catholic.by