Для дзяцей вілейскай парафіі было арганізавана свята ва ўспамін Анёлаў Ахоўнікаў | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
03.10.2016 12:56 |
Падчас гаміліі пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла нагадаў пра створаны Богам нематэрыяльны свет і нябесных ахоўнікаў, якіх Бог даў кожнаму чалавеку. На прыкладзе жыццёвых гісторый святар паказаў, якім дзейсным з’яўляецца клопат Бога праз Анёлаў Ахоўнікаў, і заахвоціў вернікаў у розных сітуацыях звяртацца ў малітве па дапамогу да сваіх заступнікаў.
Пасля ружанцовага набажэнства, якое праводзілі дзеці парафіі, святары ўдзялілі індывідуальнае благаслаўленне ўсім маленькім вернікам. Пасля малітвы дзеці з бацькамі накіраваліся на пляцоўку перад парафіяльным домам, дзе адбылася другая частка свята — салодкі пачастунак і забаўляльная праграма. Дзеці разам са старэйшай моладдзю бавіліся, танцавалі, праяўлялі свой маляўнічы талент на тэму «Анёлы — нашыя сябры» і адгадвалі загадкі на біблійныя тэмы. Напрыканцы святкавання прысутныя праспявалі малітву да Анёлаў Ахоўнікаў і падзякавалі Богу за праведзены сумесна час.
|