Слова Жыцця на лiстапад 2016 | Друк |
03.11.2016 14:50

«Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне» (Флп 4, 13)

Прэзентацыя >>>

Ёсць моманты, калі мы адчуваем сябе задаволенымi, поўнымi сіл, калi ўсё здаецца простым і лёгкім. Часам акружаюць нас цяжкасці, якія напаўняюць горыччу нашыя днi. Можам перажываць нейкую закаханасць альбо немагчымасць падзяліцца з іншымі нашым ідэалам жыцця. Альбо надыходзяць хваробы, эканамічныя цяжкасці, расчараванне ў сям'i, сумненні, унутраны неспакой, страта працы, вайна - абставiны, якiя нас прыгнятаюць, і здаецца, што не будзе ніякага выйсця. Самым складаным у такіх сітуацыях з'яўляецца тое, што мы вымушаны сам-насам сутыкнуцца з выпрабаваннямі жыцця, без падтрымкі хоць каго-небудзь, хто змог бы даць нам пэўную дапамогу.

Мала хто гэтак жа моцна, як апостал Павел, адчуваў радасці і пакуты, поспехі і непаразуменнi. Але ўсё ж ён змог адважна выканаць сваю місію, не ўпаўшы духам. Можа, ён быў супергероем? Не, ён адчуваў сябе слабым, рыхлым, недарэчным, але ў яго быў сакрэт, які ён даверыў сваім сябрам з Філіпаў: «Я ўсё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне». Ён адкрыў у сваім жыцці пастаянную прысутнасць Хрыста. Нават калі ўсе пакінулі яго, Павел нiколi не адчуваў сябе самотным: Езус заставаўся побач з ім. Менавіта Ён дадаў яму ўпэўненасцi і штурхаў яго, каб ішоў наперад, каб тварам у твар сустракаў усялякую пошасць. Езус цалкам увайшоў у ягонае жыццё, стаўшы ягонай сілай.

Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне.

Таямніца Паўла можа быць таксама i нашым сакрэтам. Усё, што я магу, калі я ў цярпеннях, нават калi я адзін, — гэта прызнаць і прыняць таямнiцу блізкасцi Езуса, які бярэ на сябе гэты мой боль. I магу ўсё, калі жыву ў еднасцi любові з іншымi, бо тады Ён — як і абяцаў — ёсць паміж намі (Мц 18, 20), і моц адзінства падтрымлiвае мяне. Усё магу, калі прымаю і рэалізую ў жыццi словы Евангелля: яны дазваляюць мне ўбачыць дарогу, якою я павiнен iсцi дзень за днём, вучаць мяне, як жыць, даюць мне ўпэўненасць у сабе.

Я буду мець сілы супрацьстаяць не толькі сваiм асабістым выпрабаванням альбо цяжкасцям у сваёй сям'і, але і ва ўсiм свеце вакол мяне. Гэта можа здавацца наіўным, нейкай утопіяй, бо настолькі вялікімi з’яўляюцца праблемы грамадстваў і народаў. Але супраць гэтага «ўсяго» мы можам супрацьстаяць, дзякуючы прысутнасцi Усемагутнага; «усё» — і адзінае дабро, якое Ён спланаваў у сваёй міласэрнай любові для мяне і для іншых праз мяне. А калі не адразу гэта спаўняецца, мы працягнем верыць і давяраць плану Божай любові, якая ахоплівае вечнасць, i таму, безумоўна, яно будзе споўнена.

Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне.

Дастаткова працаваць «за дваiх» так, як вучыла К'яра Любіч: «Я не магу ў нейкiм выпадку нічога зрабіць для гэтага дарагога мне хворага чалавека ці ў небяспецы, цi ў гэтай заблытанай сітуацыі... Тады я буду рабіць тое, чаго Бог хоча ад мяне ў дадзены момант: буду добра вучыцца, старанна падмятаць, добра маліцца, добра клапаціцца пра сваiх дзяцей... А Бог будзе думаць аб тым, як разблытаць гэты клубок, як суцешыць таго, хто пакутуе, каб разрашыць неспадзяваную сітуацыю. Гэта ёсць праца для дваіх у дасканалым адзінстве, якая патрабуе ад нас вялікай веры ў Божую любоў да сваіх дзяцей. Гэты ўзаемны давер робіць цуды. Мы ўбачым, што там, дзе мы не змаглі нечага дасягнуць, мэты дасягнуў Нехта Iншы, хто дапамог больш і нашмат лепш, чым мы».1

А. Фабiа К’ярдзi OMI

1. Chiara Lubich, Charyzmat jedności, Fundacja Mariapoli, Wydawnictwo M, Kraków 2007, s. 115.

 
© 2003-2022 Catholic.by