Юбілейны Год Міласэрнасці адсвяткавалі малітоўныя рухі, якія моляцца за памерлых | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.11.2016 21:22

5 лістапада ў мінскай архікатэдры адбылося святкаванне Юбілейнага Года Міласэрнасці, у якім удзельнічалі розныя малітоўныя парафіяльныя групы, а таксама святары мінскіх парафій, у якіх дзейнічаюць гэтыя групы.

Сустрэча распачалася дакладам ксяндза Ігара Лашука, духоўнага апекуна групы вернікаў, якія моляцца аб дапамозе душам чыстцовым, «Чысцец – праяўленне Божай міласэрнасці». З цікавасцю слухалі вернікі пра некаторыя аспекты вучэння Касцёла пра чысцец, а таксама пра магчымасць “пражывання” чыстца на зямлі.

Ксёндз Ігар падкрэсліў, што, паводле вучэння Касцёла, пасля смерці ў чысцец трапляюць тыя асобы, якія на працягу свайго зямнога жыцця не адпакутавалі за наступствы сваіх грахоў. “Мала, – сказаў дакладчык, – паспавядацца і выканаць “пакуту”, якую вызначыў святар верніку падчас споведзі. Падчас споведзі прабачаюцца грахі, але трэба яшчэ кампенсаваць і за свае правіны, за наступствы сваіх грахоў. На жаль, не заўсёды гэта ўдаецца зрабіць уласнымі намаганнямі.

Таму, клапоцячыся пра кожнага верніка, Касцёл устанавіў адпусты, якія можам ахвяраваць за сябе ці за душу памерлага. Безумоўна, поўны адпуст мы можам ахвяраваць толькі тады, калі мы знаходзімся ў стане асвячальнай ласкі – пасля споведзі і без лёгкіх нават грахоў. Галоўнае – каб у нас было глыбокае жаданне супрацоўнічаць з Божай ласкай, даверыцца Езусу Міласэрнаму, а Ён дапаможа нам ачысціцца ад грахоў і прыйсці ў неба чыстымі. Заўсёды трэба памятаць, што зямное жыццё дадзена нам для таго, каб мы навучыліся любіць Бога і бліжняга, жылі годным жыццём, а пасля смерці адразу трапілі ў неба”.

Таксама была падкрэслена важнасць і неабходнасць малітвы і ахвяравання сваіх цярпенняў за душы, церпячыя ў чыстцы.

Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, адараваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, разам памаліцца Агульнабеларускую Навэнну да Найсвяцейшай Панны Марыі і Фацімскі Ружанец, а таксама прыняць удзел у самым важным акцэнце сустрэчы – у святой Імшы.

(AN)
Фота Віталія Палінеўскага

 
© 2003-2024 Catholic.by