Мітрапаліт Кандрусевіч благаславіў адноўлены курган памяці слугі Божага Эдварда Вайніловіча ў Капыльскім раёне | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
14.11.2016 13:02 |
12 лістапада арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Свв. Апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі. Нагодай да наведвання парафіі стала благаслаўленне адноўленага кургана памяці слугі Божага Эдварда Вайніловіча каля в. Савічы Капыльскага раёна, дзе быў пахаваны яго род.
У цырымоніі благаслаўлення памятнага месца акрамя іерарха прымалі ўдзел пробашч Чырвонага касцёла ў Мінску кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Свв. Апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі кс. Аляксандр Тарасевіч, вернікі і прадстаўнікі раённай улады.
Пасля благаслаўлення кургана адбылася святая Імша, якую ў капыльскім касцёле ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. «Наш Збаўца добра ведаў, што ў Касцёле па прычыне граху наступяць падзелы, і таму заклікаў маліцца аб адзінстве, — адзначыў іерарх. — Справа адзінства хрысціян заўсёды была актуальнай і такой з’яўляецца ў наш час. Нагадваючы аб адзінстве хрысціян, Езус падкрэсліваў, што яна патрэбна для таго, каб свет паверыў. Гэта азначае, што праблема адзінства хрысціян з’яўляецца праблемай захавання, умацавання і распаўсюджвання веры», — сказаў іерарх. «Калі людзі бачаць нас — праваслаўных, католікаў і іншых хрысціян — аб’яднанымі, то ім лягчэй паверыць у Бога, бо тады мы разам абвяшчаем адну веру, разам абараняем і распаўсюджваем хрысціянскія каштоўнасці», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Пасля Імшы ў капыльскім Палацы культуры быў прадстаўлены духоўны канцэрт хору з Чырвонага касцёла.
|