У вілейскай святыні асвяцілі новы алтар | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
21.11.2016 11:40 |
Як адзначыў пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла, гэты гістарычны дзень будзе ўпісаны ў летапіс вілейскай святыні. У цэнтры новага бочнага алтара знаходзіцца абраз Езуса Міласэрнага, па баках усталяваны фігуры апосталаў міласэрнасці — св. Фаўстыны і св. Яна Паўла ІІ. У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў, што мэта Надзвычайнага Юбілейнага Года, які 20 лістапада завяршыўся ў Паўсюдным Касцёле, заключалася ў тым, каб звярнуць увагу на аспект Божай Міласэрнасці, без якой мы не можам увайсці ў Божае Валадарства, а таксама на аспект міласэрнасці аднаго чалавека ў адносінах да іншага. «Міласэрнасць пракладвае сцяжынку да Божага Валадарства», — адзначыў іерарх, а таксама звярнуў увагу на некаторыя правілы, якіх неабходна прытрымлівацца, каб быць членамі гэтага Валадарства. «Без любові да Бога мы не можам належаць да Яго Валадарства, — падкрэсліў біскуп. — Наша жыццё на зямлі — гэта шанс навучыцца любові і стаць сапраўднымі грамадзянамі Божага Валадарства, каб увайсці ў яго пасля смерці».
Асвяціўшы алтар, біскуп Юрый Касабуцкі пажадаў, каб гэты алтар не толькі ўпрыгожваў святыню, але і збіраў на малітве вернікаў розных пакаленняў, каб як мага больш людзей адкрыла сваё сэрца на Божую міласэрнасць. Іерарх заахвоціў усіх парафіянаў прыходзіць да новага алтара са сваімі крыўдамі, клопатамі і смуткам і ўсё давяраць Езусу Міласэрнаму. Напрыканцы Эўхарыстыі кс. Аляксандр Барыла падзякаваў Богу і шматлікім ахвярадаўцам, якія сваёй малітвай, працай і ахвярамі дапамагалі ў пабудове новага алтара. Са словамі падзякі святар звярнуўся і да біскупа, які асвяціў алтар. Біскуп Юрый Касабуцкі ў сваю чаргу падзякаваў святару за руплівую працу.
|