Дзеці з парафіі ў Мар’інай Горцы павіншавалі са святамі выхаванцаў дома-інтэрната |
| Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
02.01.2017 10:48 |
Трэці год запар удзельнікі вакальна-харэаграфічнага гурта «Пухавіцкія пярлінкі» парафіі Св. Антонія ў Мар’інай Горцы дзеляцца радасцю ад перажывання Божага Нараджэння з жыхарамі дзяржаўнай установы «Пухавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат».
Першага студзеня пасля святочнай літургіі у касцёле дзеці разам з пробашчам Генрыхам Кучынскім прыехалі сюды, каб паказаць музычную інтэрпрэтацыю вядомай казкі «Марозка». Шчыра і адкрыта юныя артысты данеслі да гледачоў думку, што Бог знаходзіцца побач, і Немаўлятка Езус працягвае да нас свае рукі, поўныя любові.
Хрыстус чакае, каб мы прыйшлі да Яго, выйшлі Богу насустрач. Усхвалявана і трапятліва хлопчыкі і дзяўчынкі распавялі пра цуд Божага Нараджэння. Удзельнікі гурта пажадалі жыхарам гэтай установы цеплыні і дабрыні, супакою і радасці.
«Няхай сёння ў вашым доме і ў кожным з вас не будзе халадней, чым у тых яслях, і памятайце, што цуд магчымы! Бог вечна з намі!» 
Сняжана Буцук, фота аўтара
|