Біскуп Касабуцкі благаславіў крыжы на святыні ў Багданаве | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.04.2017 12:54

9 красавіка, у Пальмовую нядзелю, парафію Святога Міхала Арханёла ў Багданаве (Івянецкі дэканат) наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гэты дзень іерарх благаславіў тры крыжы — адзін на званіцы і два на будынку касцёла.

Крыжы былі выраблены на ахвяраванні дабрачынцаў кавалем Зыгмундам Собка з Баранавіч.

Літургія святой Імшы, згодна з традыцыяй гэтага дня, распачалася на вуліцы ля прыкасцёльнага крыжа, дзе адбылося благаслаўленне вербных галінак, а затым супольнасць у працэсіі ўвайшла ў касцёл. На пачатку біскуп Юрый заахвоціў вернікаў засяродзіцца на таямніцы Хрыстовага ўваходу ў Ерузалем, а таксама патлумачыў значэнне пальмавых галінак.

Пасля прачытання Мукі Езуса Хрыста біскуп звярнуўся да прысутных з гаміліяй, у якой падкрэсліў сэнс Хрыстовага прыніжэння: Езус прагнуў нанова аднавіць адзінства чалавека з Богам.

Як падкрэсліў іерарх, чалавек праз грэх і нявернасць дабравольна згаджаецца на духоўнае калецтва, аднак праз Хрыста Нябесны Айцец працягвае чалавеку міласэрную руку і вяртае яму духоўнае здароўе і Божае сыноўства.

З гісторыі парафіі

Драўляны касцёл святога Міхала Арханёла ў Багданаве быў пабудаваны ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Фундатарам касцёла быў Богдан Сапега. У 1812 годзе святыня была моцна пашкоджана французскімі салдатамі, а пазней, у 1846 годзе, адноўлена намаганнямі мясцовага дзедзіца Фердынанда Рушчыца.

У 1944 годзе касцёл быў спалены адступаючымі нямецкімі войскаімі, а ў тым жа годзе нанова пабудаваны мясцовымі жыхарамі. У 1982 святыня ізноў была разабрана і спалена, але ўжо мясцовым калгасам.

У 1996 годзе касцёл адбудаваны намаганнямі айцоў францішканаў з Гальшан і мясцовых жыхароў, і ў гэтым жа годзе асвячоны біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

З 2015 года, дзякуючы ахвяраванням дабрачынцаў і мясцовай парафіяльнай супольнасці, намаганнямі кс. пробашча Ігара Лашука аднаўляецца знешні фасад касцёла. Збудавана цалкам новая званіца, праводзяцца працы па замене даху, узводзіцца вежа, на якой будзе змешчаны вялікі крыж.

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by