У Мінску распачаліся XVI Міжнародныя Кірыла-Мяфодзьеўскія Чытанні | Друк |
Беларуская Праваслаўная Царква
26.05.2010 18:52

26 мая 2010 г. у Мінску распачаліся XVI Міжнародныя Кірыла-Мяфодзьеўскія Чытанні, якія праводзяцца Інстытутам тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ і Міжнародным Грамадскім Аб’яднаннем «Хрысціянскі Адукацыйны Цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла». Тэма чытанняў: «Рэлігійная культура ў кантэксце свецкай адукацыі».

Адкрыццё Міжнародных Кірыла-Мяфодзьеўскіх Чытанняў, прысвечаных дням славянскага пісьменства і культуры, распачаліся з прывітальнага слова Мітрапаліта Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Да прысутных ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў гэтыя дні знаходзіцца ў Рыме на пленарным пасяджэнні епіскапату Італіі, з прывітальным словам звярнуўся біскуп Антоні Дзям’янка. «Традыцыйныя Кірыла-Мяфодзьеўскія чытанні (...) прысвячаюцца найбольш актуальным праблемам сучаснасці. Аб гэтым нагадвае і сёлетняя тэма: „Рэлігійная культура ў кантэксце свецкай адукацыі“. Яшчэ зусім нядаўна цяжка было ўявіць, што мы будзем весці дыскусіі на тэму прысутнасці рэлігійнага кампанента ў сістэме свецкай адукацыі. Аднак гэта становіцца рэальнасцю і выклікам сучаснасці. Для гарманічнага развіцця чалавека патрэбна не толькі яго фізічнае, інтэлектуальнае, культурнае развіццё, але і духоўнае. Сусветная практыка прысутнасці рэлігійнай культуры ў свецкай школе паказвае, што адно аднаму не супярэчыць, а толькі дапаўняе. Агульначалавечае і духоўнае выхаванне цесна звязана адно з адным», — адзначалася ў звароце Мітрапаліта Кандрусевіча.

Прапануем поўны тэкст прывітальнага слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча >>>

На ўсё большую папулярнасць Чытанняў сярод «грамадскасці, неабыякавай да духоўна-маральнага развіцця сучаснай Беларусі», указаў Уладзімір Ламека, намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. «Такая зацікаўленасць абумоўлена тым, што сёння ўсе мы — грамадства, дзяржава і Царква — сутыкаемся з аднолькавымі праблемамі, удзельнічаем у агульных глабальных лакальных працэсах, імкнёмся да адзіных духоўных каштоўнасцяў, якія адлюстроўваюць адвечныя прынцыпы міру, дабра, справядлівасці і чалавекалюбства, — падкрэсліў Уладзімір Ламека. — У нашы дні, калі масавая культура размывае традыцыі і веру, фарміруе спажывальніцкія адносіны да жыцця, у асаблівай ступені праяўляецца неабходнасць звярнуцца да выпрабаваных часам духоўных каштоўнасцяў, якімі спрадвеку напаўняліся каноны хрысціянства. Менавіта маральнае выхаванне кожнага чалавека, умацаванне сям’і, фарміраванне надзейных жыццёвых арыенціраў падрастаючага пакалення, зацвярджэнне ў грамадстве высокіх ідэалаў дабрыні, міласэрнасці, веры, надзеі і любові, уяўляецца тым фундаментам, на якім можна вырасціць годную будучыню для нашых дзяцей».

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, у сваю чаргу падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва прадстаўнікоў рэлігійнай і культурнай сфер: «Нацыянальная культура не можа існаваць і паўнавартасна развівацца без высокай духоўнасці. А высокую духоўнасць культуры і нам дае вера і рэлігія».

Чытанні завершацца 28 мая Круглым сталом «Рэлігійная культура як элемент гуманітарнай бяспекі дзяржавы і грамадства ў сучасным свеце».

 
© 2003-2025 Catholic.by