Мітрапаліт Філарэт выказаў спачуванне ў сувязі са смерцю кардынала Свёнтка | Друк |
Беларуская Праваслаўная Царква
22.07.2011 11:24

У сувязі з адыходам у вечнасць кардынала Казіміра Свёнтка Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, ад імя ўсіх праваслаўных нашай краіны выказаў спачуванне Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. «Просім Пана нашага Езуса Хрыста аб супакоі для душы кардынала Казіміра Свёнтка і аб суцяшэнні яго духоўных дзяцей», — гаворыцца ў спачуванні, апублікаваным на афіцыйным партале Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«З болем у сэрцы мы ўспрынялі сумную вестку аб благаслаўлёным сконе кардынала Казіміра Свёнтка — вызнаўцы і руплівага пастыра, які прадстаўляў сабой узор мужнага стаяння за веру і следавання боскаму закліку быць верным Хрысту аж да смерці», — чытаем у спачуванні.

«Ні дзесяцігоддзі лагераў, ні іншыя нягоды і беды не змаглі зламіць яго волю і жаданне абвяшчаць свету аб Збаўленні і сведчыць сучаснікам аб Боскай Міласэрнасці, — піша Мітрапаліт Філарэт. — Заклікі да цярпення пакутаў і любові да сваіх ворагаў гучалі з яго вуснаў асабліва пераканаўча і сцвярджальна, бо казаў ён ад усяго сэрца, ад асабіста ім перажытага і выпакутаванага».

«Спачылы кардынал Казімір зрабіў вялізны ўклад у развіццё добрасуседскіх адносінаў паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Рыма-Каталіцкім Касцёлам у Беларусі. Мы з цёплымі ўспамінамі захоўваем у сваім сэрцы памяць аб ім і падзяляем з усімі смуткуючымі цяжар страты», — адзначаецца ў спачуванні.

 
© 2003-2026 Catholic.by