Рэліквіі святой Сафіі Слуцкай — святую ступню — перанясуць у Слуцк | | Друк | |
Беларуская Праваслаўная Царква |
10.03.2015 12:03 |
1 красавіка рэліквія будзе перавезена ў Слуцк, дзе будзе пастаянна захоўвацца ў жаночым Сафійскім манастыры. Пра гэта паведамляецца на афіцыйнай старонцы Слуцкай епархіі. Праведная княгіня Сафія Слуцкая — адна з самых праслаўленых святых нашай краіны. Святую Сафію асабліва ўшаноўвае моладзь, ёй моляцца дзеці, яе просяць аб дапамозе будучыя маці. Першае ў постсавецкай Беларусі сястрынства міласэрнасці было названа ў яе гонар. Спіс цудаў, учыненых Богам праз малітоўнае заступніцтва святой Сафіі, уражвае: іх падрабязнае апісанне пачалі на рубяжы XVIII-XIX стагоддзяў і працягваюць у наш час. Нават па свецкіх меркаваннях жыццё Сафіі Радзівіл, апошняй з княскага роду Алелькавічаў, вельмі незвычайнае. У эпоху, калі праваслаўе было пастаўлена па-за законам, далікатная маладая жанчына — праведная княгіня Сафія — праз свайго мужа дамаглася выключнага права: праваслаўным жыхарам Слуцка кароль дазволіў свабодна вызнаваць сваю веру. 26-гадовая Сафія памерла ў 1612 годзе і была пахавана на тэрыторыі Слуцкага Свята-Траецкага праваслаўнага манастыра, які быў ёй абавязаны сваім існаваннем. Паэт Саламон Рысінскі, які асабіста ведаў княгіню, у эпітафіі назваў яе «зорачкай» за яркае і кароткае жыццё. Памяць пра добрыя справы княгіні неўзабаве перарасла ў трапяткое народнае шанаванне. Пераканаўчым сведчаннем аб святасці Сафіі стала нятленне яе парэшткаў. У 1930 г. Слуцк пазбавіўся сваёй святыні: рэліквіі праведнай Сафіі былі вывезены ў Мінск. Зараз яны спачываюць у Свята-Духавым кафедральным саборы. (AYU) |