Першая ў Беларусі дзіцячая вёска для сірот-інвалідаў з’явілася ў Гомелі | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
16.05.2011 14:51

14 мая 2011 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне і адкрыццё першай у Беларусі дзіцячай вёскі для сірот-інвалідаў. Літургію і асвячэнне хоспісу ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, прысутнічалі на ўрачыстасцях і духавенства, якое нясе служэнне ў Гомельскай вобласці.

Урачыстае мерапрыемства пачалося набажэнствам у гомельскім касцёле Нараджэння Маці Божай, затым удзельнікі свята наведалі дзіцячую вёску. Перад асвячэннем хоспіса ксёндз дэкан Гомельскага дэканату нагадаў словы з Евангелля паводле Мацвея: «Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (пар. Мц 25, 40).

Гэтыя ж словы Евангелля былі змешчаны на карціне гомельскага мастака Пятра Лук’яненкі з выявай дзіцячай вёскі. Карціны падарылі ўсім спонсарам і актыўным удзельнікам праекта па будаўніцтву хоспіса ў Гомелі.

Ксёндз Славамір Ляскоўскі, пробашч парафіі, сардэчна падзякаваў усім, хто дапамагаў у будаўніцтве.

«Сёння мы ўдзячны ўсім вам, асабліва замежным гасцям, якія прыехалі да нас, каб разам дзякаваць Богу за цуд, які адбываецца. Дзіцячая вёска — гэта асаблівае месца, таму што яна пабудавана для нашых меншых братоў, а значыць — для Госпада нашага. Гісторыя гэтага праекта — сапраўды справа Божая, у якой удзельнічала шмат людзей, якія дапамагалі малітвамі і матэрыяльнымі дабротамі. Няхай Бог будзе вам узнагародай», — адзначыў святар.

Ксёндз Ляскоўскі нагадаў удзельнікам мерапрыемства словы Псальма: «Калі сам Пан дома не збудуе, дарэмна над ім будаўнік працуе».

Замежныя госці з Італіі, Аўстрыі і Германіі, пры фінансавай падтрымцы якіх і быў пабудаваны хоспіс, падкрэслілі, што праект гэты не толькі міжнародны, але і міжканфесійны. Унёсак у будаўніцтва дзіцячай вёскі зрабілі не толькі каталіцкія арганізацыі, але і, напрыклад, евангелісцкая моладзь Саксоніі (Германія). Актыўна дапамагалі будаваць хоспіс і дзеці. Нямецкая дзіцячая арганізацыя «Зоркавыя спевакі» сабрала для праекта больш за 130 тысяч еўра. Акцыя праходзіла пад дэвізам «Дзеці для дзяцей».

Праект будаўніцтва дзіцячага хоспіса рэалізуе рэлігійная місія «Дабрачыннае таварыства Карытас» Пінскай дыяцэзіі. Будаўніцтва вёскі для дзяцей-інвалідаў вядзецца выключна на ахвяраванні міжнародных і мясцовых спонсараў.

На сённяшні дзень у дзіцячай вёсцы ужо пабудаваны пяць сучасных катэджаў для пражывання, кляштар для сясцёр і корпус, дзе размесцяцца кухня, пральня і дапаможныя памяшканні. Праз некалькі тыдняў у хоспіс заселяцца першыя яго жыхары — дзеці-інваліды з журавічскага дома-інтэрната. Дарэчы, ужо на працягу 13 гадоў выхаванцамі дома-інтэрната апякуюцца сёстры бэнэдыктынкі-самарытанкі Крыжа Хрыстова, яны ж будуць працаваць з дзецьмі-інвалідамі ў гомельскім хоспісе, выконваючы запавет заснавальніцы ордэна Ядвігі Ярашэўскай. Першы дом сямейнага тыпу для дзяцей-інвалідаў заснавала менавіта Ядвіга Ярашэўска. Было гэта ўПольшчы яшчэ да Другой сусветнай вайны.

Гомельская дзіцячая вёска-хоспіс разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такіх умовах, а таксама дзякуючы сталым дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы.

Праект прадугледжвае стварэнне пяці асобных груп-сем’яў, кожная з іх будзе ўключаць максімум 12 чалавек. Звяном, што спалучае такую групу-сям’ю, стане сястра законная, якая разам з дапаможным персаналам будзе клапаціцца пра належны клімат выхавання і атуляць апекай жыццё дзяцей.

Асаблівую падзяку гомельская парафія і «Карытас» выказваюць замежным гасцям, якія ахвяравалі фінансавыя сродкі для будаўніцтва дзіцячай вёскі. У праекце актыўна ўдзельнічалі такія арганізацыі, як «Renovabis» (Германія), камітэт «Хайнц і Дорыс Аллгоер» — «Дапамога Чарнобылю» (Аўстрыя), прадстаўнік кіраўніка Федэральнага зямельнага ўраду Верхняй Аўстрыі, «Карытас-Лінц» (Верхняя Аўстрыя), чарнобыльская ініцыятыва (Брандэнбург, Германія), асацыяцыя «Прыём і Брацтва» (Італія), «Масты для Гомеля» (Германія), чарнобыльская ініцыятыва «Гомель-Дапамога-Бохум» (Германія), княства Ліхтэнштэйн і асабіста княгіня Марыя, дзіцячая арганізацыя «Зоркавыя спевакі» (Аахен, Германія), евангелісцкая моладзь Саксоніі (Германія), а таксама ўсе людзі добрай волі, якія малітвамі, фінансавай і валанцёрскай падтрымкай набліжаў дзень адкрыцця хоспіса.

Будучыя жыхары вёскі, у прыватнасці, дзеці з Рэчыцкага спецыялізаванага інтэрната, выказалі падзяку спонсарам праз цудоўны канцэрт: яны праспявалі, а таксама станцавалі ў інвалідных калясках.

Алена Германовіч

 
© 2003-2024 Catholic.by