Працэсія Божага Цела ў Брэсце: сведчыць аб веры на вуліцах горада | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
28.06.2011 13:22

26 чэрвеня 2011 г., у нядзелю, па вулiцах Брэста прайшла працэсiя Божага Цела. У ёй прынялi ўдзел каля 1000 вернiкаў з усiх парафiй Брэста.

Святкаванне ўрачыстасці Божага Цела распачалося святой Iмшой а 12-й гадзiне ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Ксёндз Антонiй Гэй прывiтаў усiх сабраных словамi: «Хрыстус прагне паяднаць людзей. I ўчынiць Ён гэта можа не толькi праз сумесную малiтву цi Эўхарыстыю ў сценах касцёла, але і праз гэтую пiлiгрымку па вулiцах нашага горада, калi мы выйдзем за сцены святыні i будзем сведчыць аб Iм».

Традыцыйна працэсiя ўключала прыпынкі каля 4 алтароў. Першы быў у касцёле Узвышэння Святога Крыжа, другi — побач з касцёлам. Пазней Эўхарыстычнага Езуса неслі праз горад да трэцяга алтара на каталiцкiх могiлках. Апошнi, чацвёрты алтар, быў падрыхтаваны каля касцёла Мацi Божай.

Эўхарыстычная працэсiя Божага Цела прыгожа ўпiсалася ў нядзельнае жыццё Брэста. Шмат людзей iншых вызнанняў цi няверуючых ішлi па вулiцах, гледзячы на вернікаў, слухаючы эўхарыстычныя спевы. Прыемна было, калi хтосьцi пытаўся, як называецца свята, з нагоды якога католiкi выйшлi з Езусам Хрыстом на вулiцы горада.

На апошнiм прыпынку, пры касцёле Мацi Божай Каралевы, кс. Тадэвуш Альшэўскi, пробашч парафii, падзякаваў усiм удзельнiкам урачыстасцi i запрасiў да трывалага сведчання аб сваёй веры не толькi падчас набажэнстваў, але і ў штодзённым жыцці.

 
© 2003-2024 Catholic.by