У Брэсце прайшла сустрэча моладзі на тэму «Эвалюцыя любові» | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
31.10.2011 13:43

29 кастрычніка 2011 г. у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце адбылася доўгачаканая сустрэча моладзі на тэму «Эвалюцыя любові», якая праводзілася пад кіраўніцтвам кс. Валянціна Ляўковiча.

Падрыхтоўкай і арганізацыяй мерапрыемства займаўся кс. Юрый Варанко і маладыя вернiкi. Дзякуючы актыўнасці брэсцкай моладзi, першапачаткова абласная сустрэча мела «міжнародны» ўзровень і перавысіла чаканую колькасць гасцей у два разы. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 130 вернікаў з Польшчы, Украiны, Мінска, Баранавiч, Бярозы, Светлагорска, Ліды, Кобрына, Жабiнкi, Пружан, Шарашова, Воранава.

Праграма сустрэчы была разлічана на ўвесь дзень духоўных практык з мэтай набліжэння да спазнання Божай любовi. Было таксама праслаўленне Бога спевам і глыбокая супольная малітва. Асноўнай задачай было не толькі разважанне над Божым словам падчас канферэнцыі, якую ў гэты дзень праводзіў кс. Валянцін Ляўковіч, але і фарміраванне ў сучаснай моладзі жадання адчуць дасканалую любоў да Бога і імкнення да рэалізацыі ў сваім жыцці асноваў хрысціянскай маралі. Замацаванню пачутага спрыяла праца ў групах, дзе кожны ўдзельнік меў магчымасць падзяліцца ўражаннямі і высновамі.

Адной з адметнасцяў сустрэчы была святая Імша з удзелам глуханямых людзей. Ксёндз Валянцін Ляўковіч пры дапамозе мовы жэстаў дапамагаў ім разумець усё, што на ёй адбывалася.

Брэсцкая моладзь стварыла непаўторную атмасферу цяпла i ўзаемаразумення. Гэтаму паспрыяла ўвага да гасцей, зычлівасць і насычанасць праграмы сюрпрызамі, што не давала гасцям сумаваць і пакідала ў іх жаданне пабываць на новых сустрэчах.

Падводзячы вынікі, кс. Ляўковiч паабяцаў, што такія сустрэчы будуць праводзіцца і ў будучым з мэтай яднання моладзі, яе духоўнага развіцця і праслаўлення Бога.

Да новых сустрэч!

Юлія Бязрукава


 
© 2003-2024 Catholic.by