Мітрапаліт Кандрусевіч: Гомель адрадзіўся з духоўнай пустыні | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.12.2011 16:30

18–19 снежня 2011 г. у межах пастырскага візіту ў Пінскую дыяцэзію Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Гомель. Апошні раз іерарх быў у Гомелі больш за 20 гадоў таму. У той час вернікі цясніліся ў невялічкай хатцы, а літургія цэлебравалася на вуліцы.

«Тады, у ліпені 1989 года, я ўдзяляў гомельскім вернікам сакрамэнт канфірмацыі. Не было нават людзей, якія б маглі быць сведкамі бежмавання. Усім руку на правае плячо клаў сам пробашч. Гэта была сапраўдная духоўная пустыня, духоўны Чарнобыль», — прыгадаў арцыпастыр мінулае і падзякаваў мясцоваму пробашчу кс. Славаміру Ласкоўскаму за пабудаваны касцёл — не толькі з камянёў, але і з сэрцаў вернікаў.

На думку Мітрапаліта, надышоў час асноўваць другую парафію ў Гомелі —другім па велічыні горадзе ў Беларусі. Пытанне будаўніцтва новага касцёла іерарх абмяркуе з прадстаўнікамі гарадскога і абласнога выканкамаў.

У гаміліі Мітрапаліт нагадаў пра значэнне Адвэнту. «Многія тысячагоддзі Бог праз прарокаў вёў выбраны народ да таго дня, калі настала поўня часу. Ён паслаў Збаўцу, які стаў чалавекам дзеля нас і нашага збаўлення, як мы гэта вызнаём у нашай веры. Адвэнт з’яўляецца часам падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння — да спаткання з Езусам Хрыстом. Гістарычны Адвэнт здзейсніўся больш за дзве тысячы гадоў таму. Цяпер мы жывём у другім Адвэнце — у чаканні Езуса, які прыйдзе ў канцы часоў у сваёй хвале і будзе судзіць жывых і памерлых. Кожны літургічны год уключае ў сябе перыяд Адвэнту, каб мы не спалі, каб заўсёды былі падрыхтаванымі, каб чувалі», — нагадаў іерарх.

Арцыпастыр заклікаў вернікаў услухацца ў заклік Яна Хрысціцеля «Падрыхтуйце дарогу Пану!» і жыць ім. «Мы павінны з усёй сур’ёзнасцю прыняць гэтыя словы, — працягваў Мітрапаліт. — Мала толькі падрыхтаваць, трэба яшчэ адчыніць Яму дзверы. „Вось Я стаю і стукаю, хто адчыніць дзверы — буду з ім вячэраць“. Езус стаіць і стукае ў дзверы, якія вядуць да твайго, майго сэрца. І іх адчыніць можна толькі знутры. Ніхто акрамя нас іх не адчыніць, — падкрэсліў арцыбіскуп. — А дапамагчы адчыніць дзверы Езусу, зрабіць роўнымі крывыя дарогі можа дапамагчы Найсвяцейшая Панна Марыя, якая на заклік Бога адказала „так“. Яна ведала, што кожная Божая задума дзеля дабра. І дабра не толькі для яе, але праз яе — усяму чалавецтву. Гэтае „Так“ — ключ, які Бог дае ў нашы рукі, каб мы маглі зразумець таямніцу Божага ўцелаўлення і шчасця чалавека: Бог будзе ў нашым сэрцы, у нашай душы толькі тады, калі мы будзем згаджацца з Яго воляй».

Мітрапаліт заклікаў вернікаў быць сапраўднымі хрысціянамі, несці Евангелле на працу, у паўсядзённае жыццё, у кожнае месца, дзе б ні знаходзіліся. Арцыбіскуп заахвоціў не забываць пра сапраўдны сэнс Божага Нараджэння: «Недастаткова памятаць пра гістарычны факт нараджэння Езуса дзве тысячы гадоў таму. Трэба, каб Езус нарадзіўся ў нашых сэрцах, каб праз Яго мы будавалі цывілізацыю жыцця, цывілізацыю любові».

У межах пастырскага візіту Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі наведаў Дом міласэрнасці, у якім працуюць сёстры місіянеркі — паслядоўніцы бл. Маці Тэрэзы.

Пабываў Мітрапаліт і ў гістарычным музеі Гомеля, дзе адбылася прэзентацыя абраза бл. Яна Паўла ІІ, намаляваны мясцовым мастаком Пятром Лук’яненкам. Іерарх падзяліўся з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра Вялікага Папу.

Наведаў арцыпастыр таксама Дзіцячую вёску для дзяцей-інвалідаў, якім апякуюцца сёстры бэнэдыктынкі-самарытанкі. Галоўная мэта гэтага Дому — стварэнне дамашняй атмасферы для хворых дзяцей. Гэта супольны дабрачынны праект, які рэалізуецца Касцёлам і дзяржавай. На сённяшні дзень у Доме знаходзіцца 51 жыхар — 30 хлопчыкаў і 21 дзяўчынка.

Алена Германовіч

 
© 2003-2024 Catholic.by