Пастырскі візіт Мітрапаліта Кандрусевіча на берагі Дняпра і Сожа | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.12.2011 18:19

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі здзяйсняе пастырскі візіт у Гомельскі дэканат. Іерарх завітаў у парафіі Святога Антонія ў Рагачове, да вернікаў Жлобіна і Гомеля, наведаў сірот-інвалідаў у дзіцячай вёсцы.

У Рагачове Мітрапапаліт азнаёміўся з ходам рамонтных прац касцёла, што быў знішчаны камуністамі. Святыня засталася без даху, а сцены прэзбітэрыя разабралі людзі, выкарыстаўшы цэглу для сваіх патрэб. Цяпер сцены адбудаваныя, зроблены новы дах. Наперадзе яшчэ многа  працы па аднаўленні святыні і падрыхтоўцы да свякавання 100-годдзя, якое прыпадае на наступны год.

Пасля адраджэння парафіі быў зроблены парафіяльны дом, дзе знаходзіцца плебанія і капліца. У ёй Мітрапаліт Кандрусевіч і ўзначаліў святую Імшу, якую разам з ім канцэлебравалі пробашч кс. Андрэй Шут і ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч.

У гаміліі арцыпастыр распавёў пра значэнне Адвэнту як часу падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Іерарх заклікаў вернікаў памятаць аб духоўнай падрыхтоўцы, а не засяроджвацца толькі на вонкавым. Пасля Імшы Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі павіншаваў вернікаў з надыходзячымі святамі і падзяліўся алаткай.

З Рагачова Мітрапаліт накіраваўся ў Жлобін, дзе ёсць вялікая капліца св. Казіміра і цудоўны цэнтр. Тут іерарх узначаліў св. Імшу. Арцыпастыр заўважыў, што гэта парафія вельмі жывая, дынамічная, мае добрыя перспектывы на будучыню, і ў горадзе патрэбны новы касцёл.

У гаміліі іерарх нагадаў, што на шляху падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння варта «наследаваць Марыю — ранішнюю адвэнтавую Зорку — браць з яе прыклад, асабліва прыклад згоды з воляй Божай, каб быць сапраўднымі, а не папяровымі хрысціянамі, якіх з Касцёлам злучае толькі пасведчанне аб хросце».

Пасля дзялення аплаткай Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з касцёльным камітэтам і парафіянамі, якія рупліва дапамагаюць у рамонце і справах, з будаўніцтвам новага касцёла. У Жлобіне ёсць група вельмі актыўных вернікаў і бізнесменаў, якія шмат робяць для Касцёла. Гэта адзін з нямногіх выпадкаў у Беларусі, дзе людзі так ахвярна дапамагаюць Касцёлу і вельмі рашуча настроены ў справе будаўніцтва новай святыні.

Раніцай 18 снежня ў Жлобіне арцыпастыр асвяціў пляцоўку пад будаўніцтва новага касцёла і пастаўлены там крыж.

Наступным пунктам пастырскага падарожжа стаў Гомель. Мітрапаліт наведаў парафіяльную супольнасць і дзіцячую вёску для дзяцей-інвалідаў.

Звяртаючыся да гомельскіх вернікаў, Мітрапаліт нагадаў аб неабходнасці выкарыстаць Адвэнт для лячэння душы, каб праз гэта рыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану. «Толькі тады Божае Нараджэнне будзе мець сапраўдны сэнс, калі Хрыстус народзіцца сваёй ласкай у нашых сэрцах», — нагадаў іерарх.

У Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча засталіся вельмі добрыя ўражанні ад візіту ў гомельскую парафію. Няма сумніву, што Гомель, другі па велічыні горад Беларусі, патрабуе другога касцёла.

Пасля абеду іерарх наведаў гістарычны музей Гомеля, дзе адбылася прэзэнтацыя абраза бл. Яна Паўла ІІ, намаляванага мясцовым мастаком Пётром Лук’яненкам.

 
© 2003-2024 Catholic.by