Каталіцкая моладзь з Баранавіч і Новай Мышы вучылася правільна адпачываць | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
01.02.2012 11:02

«Навучыцца карыстацца дарамі часу» — менавіта пад такім дэвізам моладзь парафій Святога Зыгмунта ў Баранавічах і Перамянення Пана ў Новай Мышы вучылася, як можна адпачываць.

«Калі не будзеш мець, то як можаш нешта даць?» — з такімі словамі звярнуўся да моладзі кс. Валянцін Ляўковіч. І сапраўды, сённяшні свет патрабуе ад чалавека шмат высілкаў і намаганняў, увагі, разумення, любові, цярпення і шмат чаго іншага. Чалавек стараецца быць добрым да кожнага і па магчымасці служыць бліжняму. Аднак калі няма спакою ў сабе, як панясу мір астатнім, а калі няма моцы, чым дапамагу бліжняму? Для таго, каб нешта рабіць, трэба мець сілы — як духоўныя так і фізічныя. Трэба навучыцца таксама правільна адпачываць, каб набірацца сіл для выканання штодзённых абавязкаў.

Зіма прапануе свае магчымасці для адпачынку. Удзельнікі сустрэчы вырашылі выехаць з «каменнага лесу» на прыроду, каб убачыць прыгажосць, створаную Богам. Свежае паветра, знаёмствы і радасць спадарожнічалі моладзі ў гэты дзень. Пасля актыўнага баўлення часу моладзь з дзвюх парафій сустрэлася на плябаніі ў Новай Мышы, дзе яе гасцінна прымаў пробашч кс. Павел Врубель. Святая Імша, малітва аб адзінстве хрысціянаў і супольныя гульні — гэта і ёсць крок да таго, каб набірацца сіл, як духоўных, так і фізічных. Уменне знайсці час і заўважыць прыгажосць навакольнага асяроддзя — гэта магчымасць скарыстацца дарамі, якія дае нам Пан Бог.

 
© 2003-2024 Catholic.by