У вечнасць адышла маці кс. Валянціна Новака | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
10.02.2012 12:46

9 лютага 2012 г. у Новай Мышы адбылася пахавальная цырымонія Казіміры Новак — маці кс. Валянціна Новака, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, які 25 гадоў быў пробашчам парафіі ў Новай Мышы. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з Мітрапалітам літургію канцэлебравалі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец і 23 святары.

У гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў пра надзею, якую дае нам праўда Уваскрасення, дзякуючы якой мы верым, што са смерцю жыццё чалавека не завяршаецца, а толькі змяняецца. Іерарх падкрэсліў значэнне ролі бацькоў у выхаванні і адкрыцці святарскага і законнага паклікання ў сваіх дзяцей. Менавіта дзякуючы маці кс. Валянцін Новак у цяжкія часы ганенняў пачуў голас клічучага Пана і стаў святаром.

Спасылаючыся на словы св. Аўгустына, Мітрапаліт дадаў, што найвялікшая радасць для маці — калі сын цэлебруе Эўхарыстыю ў яе інтэнцыі і гэтым самым просіць Бога аб міласэрнасці, каб тая, якая перадала яму Божы дар жыцця, сама ўвайшла ў жыццё вечнае.

Працэсію на могілках і абрад пахавання ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец.

Вечны супакой дай ёй, Пане, а святло вечнае няхай ёй свеціць.

 
© 2003-2024 Catholic.by